10 гадоў споўнілася выдавецтву «Янушкевіч»


Сёння споўнілася 10 гадоў з дня заснавання незалежнага выдавецтва «Янушкевіч». Прыбытковы бізнес, які мусіў рэлакавацца з Беларусі праз рэпрэсіі, паспяхова працягвае дзейнасць за мяжою.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Наш галоўны хіт зараз, галоўны бестселер – гэта “Валадар Пярсцёнкаў” Джона Толкіена. Першая частка ў перакладзе Ігара Кулікова», – паказвае том кнігавыдавец Андрэй Янушкевіч.

Інтэрнэт-кнігарня «Кнігаўка» выдавецтва «Янушкевіч» цяпер месціцца ў невялікім памяшканні ў Варшаве. Замову фармуюць і адпраўляюць за два дні. І не толькі ў Польшчу, заўважыў Андрэй Янушкевіч.

«Геаграфія вельмі шырокая. Паступова адкрываем новыя краіны. Але самая экзатычная, напэўна, краіна, куды замовілі, – гэта Мексіка. А так вельмі шмат замоваў па Еўропе, дадаюцца Вялікая Брытанія, Злучаныя Штаты Амерыкі».

Могуць даслаць і ў Беларусь. Але там прадукцыя знакамітага выдавецтва «Янушкевіч» не ўкладваецца ў дзяржаўныя ідэалагічныя межы, асабліва творы па гісторыі. Перакладчык Сяргей Шупа канстатаваў даўнія праблемы з выданнем беларускіх кніжак на Радзіме:

«На вялікі жаль, бракуе нейкай праграмы дзяржаўнай, афіцыйнай. Гэта ж вельмі важна: мець падтрымку дзяржавы. Выходзіць, што беларуская культура фактычна сваёй дзяржавы не мае. І такой праграмы ніколі не было».

Акурат на беларускамоўных выданнях спецыялізуецца выдавецтва «Янушкевіч». Выдаюць творы Альгерда Бахарэвіча, Насты Кудасавай, Валера Гапеева, Уладзіміра Мацкевіча. У перакладзе на беларускую – найпапулярнейшыя «Вядзьмак», «1984», «Гары Потэр» і багата іншага цікавага.

Сусветна вядомы пісьменнік Стывэн Кінг пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне забараніў друкаваць свае кнігі ў Расеі. Затое летась падпісаў кантракт з выдавецтвам «Янушкевіч» у асобе кіраўніка Андрэя.

«Удалы бізнесовец, ён, як кажуць, спалучыў місію і рынак, – адзначыў перакладчык Сяргей Шупа. – Ён спрабуе давесці, што беларуская літаратура – у тым ліку пераклады замежнай літаратуры на беларускую мову – гэта не стратны бізнес, што на гэтым можна і зарабіць. У чым ніякага сораму няма».

Пазалетась выдавецтва «Янушкевіч» заснавала ў Менску ўласную кнігарню «Кнігаўка». Але працавала яна ўсяго толькі дзень. На адкрыццё прыйшлі прапагандысты і зладзілі правакацыю, абурыўшыся гістарычнымі выданнямі і беларускай моваю. Услед наляцелі сілавікі з ператрусам. З «Кнігаўкі» канфіскавалі сотні кніг – шукалі экстрэмісцкія матэрыялы. Выдаўца Андрэя Янушкевіча і працаўніцу выдавецтва Насту Карнацкую затрымалі. Пасля дваццаці васьмі содняў на Акрэсціна Андрэй мусіў пакінуць Беларусь:

«Я адразу зразумеў, калі мяне павялі пад ручкі, што далей працаваць будзе немагчыма. Табе не дадуць, ну, і варункі гэтай працы будуць зусім іншыя».

Адкрыццё кнігарні выдавецтва «Янушкевіч». На здымку – Андрэй Янушкевіч, заснавальнік. Варшава, Польшча. 6 лютага 2024 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

За апошнія два гады ў Беларусі былі разгромленыя і знішчаныя, апроч «Янушкевіча», выдавецтвы «Кнігазбор», «Галіяфы», «Лімарыус» і іншыя. Але і да 2020-га года ўмовы існавання незалежных кнігавыдаўцоў былі няпростыя, узгадвае старшыня Беларускага ПЭНу Таццяна Нядбай:

«Выдавецтва “Янушкевіч” у пэўны момант, калі яно з’явілася, дзейнічала так, нібыта ў нас ёсць рынак. Ва ўмовах, калі рынку выдавецкага няма. І гэта, канешне, задавала дастаткова высокія стандарты гэтай дзейнасці».

Тыя ранейшыя стандарты Андрэй Янушкевіч падтрымлівае і цяпер. Рыхтуе да адкрыцця офлайн-краму «Кнігаўка» ў Варшаве. Учора здаў у друк чацвёртую частку твораў пра Ведзьмака – «Час ганьбы» – і плануе неўзабаве перавыдаць першыя тры часткі. Увесну выйдзе трылер «Ззянне» Стывэна Кінга. Рыхтуецца да выдання новы твор Альгерда Бахарэвіча. Будуць кнігі і іншых беларускіх аўтараў, у тым ліку – для дзяцей.

Марына Яновіч, «Белсат»