Ці звольняць дырэктара Веткаўскага музею?


«Музей – гэта як сонца, а кожны супрацоўнік – як планета», – кажа ў адным з відэа ў сацсетках дырэктар Веткаўскага музею стараабрадніцтва і беларускіх традыцыяў імя Фёдара Шклярава Пятро Цалка. Улады ж хочуць пазбавіць музей адной з галоўных планетаў: Пятру Цалку могуць не працягнуць кантракту.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Паведамленне пра гэта з’явілася на старонцы музею ў «Фэйсбуку»:

«Пятро любіць музей і не хоча мяняць працу ў Веткаўскім ні на што іншае. Але 1 студзеня сканчаецца працоўны кантракт з Пятром Міхайлавічам. І тыя, хто павінны кантракт працягнуць, працягваць яго адмаўляюцца…»

Пасля таго, як інфармацыя набыла розгалас і людзі сталі дзяліцца ёй у сацыяльных сетках, з акаўнту Веткаўскага музею яна знікла.

«У прынцыпе, гісторыя ўзнікнення Веткаўскага музею – гэта гісторыя экспедыцыяў, гісторыя пошукаў, якія працягваюцца з моманту заснавання музею ў 1978 годзе», – так Пятро Цалка адзываўся пра музей у 2020-м.

А працаваць у Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцыяў імя Фёдара Шклярава Пятро Цалка прыйшоў яшчэ студэнтам у 2011-ым. Праз некалькі гадоў узначаліў гомельскі філіял, а сёлета ў студзені стаўся дырэктарам музею.

«Што ён рабіў для музею? Папулярызаваў яго. Ён прыцягнуў туды асобаў, якія маглі ладзіць сустрэчы, акцыі, вечарыны, ладзіў там танцы народныя, то бок традыцыйныя. Гэта ўсё ўплывала на тое, каб папулярызаваць традыцыйныя каштоўнасці», – кажа грамадскі дзеяч з Гомля Валер Сляпухін.

Дзякуючы крэатыўнаму ды апантанаму працаўніку і Веткаўскі музей, і яго гомельскі філіял цяпер найбольш актыўныя рэгіянальныя музейныя ўстановы. Работнікі бяруць удзел у Ночы музеяў, арганізуюць летнікі, відэалекцыі, майстар-класы, ладзяць традыцыйныя святы.

Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцыяў імя Фёдара Шклярава.
Фота: wikipedia.org

Да сёння Веткаўскі музей папаўняецца ўнікальнымі экспанатамі, сабранымі падчас экспедыцыяў. Таксама ладзяцца зборы на набыццё каштоўных прадметаў. Да прыкладу, летась набылі ікону з выяваю Божай Маці, якая была часткаю Царскай брамы 19-га стагоддзя, а сёлета сабралі грошы на яшчэ больш ранняе наверша з Царскай брамы.

Магчымае звальненне паспяховага дырэктара – не адзіны такі выпадак. У студзені 2021-га года не працягнулі працоўнага кантракту з гісторыкам Аляксеем Бацюковым, які працаваў дырэктарам Музею гісторыі Магілёва.

«Традыцыйныя каштоўнасці беларускія не шануе ўлада, і гэта адзін з відавочных момантаў, якія ўлады прасоўваюць: наратыў, што нам бліжэй маскоўская культура, маскоўскія здабыткі, а не традыцыйныя нацыянальныя каштоўнасці», – лічыць Валер Сляпухін.

Кантрактная сістэма не дазваляе працаўніку юрыдычна адстойваць свае правы, падкрэслівае актывіст. Але ці застанецца працаваць Пятро Цалка, магчыма, залежыць не толькі ад каляднага цуду, як адзначалася на «Фэйсбук»-старонцы музею. Наведнікі, слухачы лекцыяў і ўдзельнікі традыцыйных святаў могуць пісаць калектыўныя звароты да ўладаў з просьбаю пакінуць на пасадзе дырэктара.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»