Трансгендарныя людзі паплывуць асобна


Міжнародная федэрацыя водных відаў дазволіла беларускім і расейскім спартоўцам удзельнічаць у спаборніцтвах пад сваёй эгідаю. Пасля доўгага маўчання і шматлікіх кансультацыяў асацыяцыя прыняла станоўчае рашэнне, аднак у ім ёсць і шмат абмежаванняў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Ніякіх камандных выступаў, толькі індывідуальныя спаборніцтвы. Гэтак пастанавілі ў Міжнароднай федэрацыі водных відаў спорту. То бок адзін плывец з Беларусі ці з Расеі зможа ўзяць удзел толькі ў адной дысцыпліне. Спартовец не павінен ідэнтыфікаваць сябе з якой-небудзь краінай, таксама забароненыя сцяг і гімн, а форма павінна быць белага колеру.

«Яны знайшлі такі кампрамісны варыянт, які таксама чытаўся, што іх уключаць у нейтральным статусе. Наконт таго, правільна ці не – тут складана. Украіна лічыць, што гэта цалкам няправільна», – распавёў журналіст радыё «Свабода» Арцём Сізінцаў.

Беларускім і расейскім плыўцам забаронена кантактаваць з прэсаю, нават праходзіць праз мікст-зону. Таксама вышэй згаданыя спартоўцы не павінны падтрымліваць вайну ва Украіне або мець сувязі сілавымі структурамі Беларусі і Расеі.

«У прынцыпе, у Беларусі любы чалавек можа прадставіць любую даведку, што ён нідзе не працуе і гэтак далей. У краіне, дзе не працуюць законы, дзе ёсць па сутнасці ўлада адміністрацыйнага апарату, любую даведку зробяць заднім чыслом», – дадаў Аляксандр Апейкін з Фонду спартовай салідарнасці.

Аднак хуткага вяртання не адбудзецца. Паводле асацыяцыі, калі ўсе правяранні будуць завершаныя, то найбліжэйшым стартам з удзелам беларусаў можа стаць чэмпіянат свету ў горадзе Доха, які мае адбыцца налета ў лютым. Плыўцы на гэтым турніры змогуць прайсці адбор і на Алімпійскія гульні ў Парыжы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: olympics.com

«Гэта трэба яшчэ прайсці праз усе правяранні, выканаць алімпійскі нарматыў. Таксама ніхто не ведае, што будзе адбывацца часам найбліжэйшых тыдняў ці месяцаў ва Украіне. Гэта цяжка разглядаць, адно адарвана ад другога», – падкрэсліў былы прадстаўнік НАК у Беларусі Анатоль Котаў.

Будзе яшчэ адно новаўвядзенне, якое запрацуе з 6 кастрычніка на першым этапе Кубка свету па плаванні ў Берліне. Там упершыню пройдуць асобныя спаборніцтвы для трансгендарных плыўцоў, якія выступяць у асобнай катэгорыі.

«Мне цяжка казаць, магчыма, гэта такое альтэрнатыўнае рашэнне, як былі спаборніцтвы паміж трансгендараў. З пункту гледжання камерцыі, гэта нават цікава. Калі глядзець з пункту гледжання спорту, то можа быць спрэчна», – распавядае Аляксандр Апейкін.

Раней трансгендарныя людзі мелі права на ўдзел у спаборніцтвах з пэўнаю колькасцю тэстастэрону ў арганізме. Летась Міжнародная федэрацыя водных відаў узмацніла правілы для жаночых спаборніцтваў. Таму некаторыя адважваліся на гарманальную тэрапію. Плыўчыха Лія Томас у 2019-м зрабіла аперацыю для карэкцыі полу і, вярнуўшыся ў басейн, пачала аднаўляць дасягненні. Не ўсім аматарам гэта прыйшлося даспадобы, а на трыбунах з’явіліся банэры «Выратуйце жаночы спорт».

«Агулам у спорце за гэтым будучыня. Такія рашэнні будуць прымацца, каб не пракаваць скандалу асобна ў мужчынскіх і жаночых раздзелах спорту. Таму проста зробяць трэцюю катэгорыю», – дадаў Арцём Сізінцаў.

Упершыню ж на Алімпіядзе ў Токіа ў цяжкай атлетыцы ўжо дэбютавала трансгендарная спартоўка. Лорэл Габард за медалі ў выніку не змагалася, але рэзананс быў вялікім. Міжнародны алімпійскі камітэт нават пастанавіў павялічыць колькасць такіх прэцэдэнтаў.

«Ніводзін спартовец не можа быць выключаны са спаборніцтваў на падставе трансгендарнай ідэнтычнасці або палавых адрозненняў».

Магчыма, Алімпіяда ў Парыжы паставіць новыя рэкорды і сярод гэтай катэгорыі спартоўцаў.

Павел Алейнікаў, «Белсат»