Міністр замежных справаў Вугоршчыны заклікае дапусціць беларусаў да ўдзелу ў Алімпіядзе-2024 у Парыжы


Кіраўнік МЗС Вугоршчыны Петэр Сіярта падчас візіту ў Японію на чэмпіянат свету ў водных відах спорту і ў кангрэс Міжнароднай федэрацыі плавання 25 ліпеня звярнуўся да Міжнароднага алімпійскага камітэту з заклікам дапусціць да гульняў у Парыжы ў 2024 годзе спартоўцаў з Беларусі і Расеі. Міністр распавёў пра візіт у Японію ў Facebook і падкрэсліў, што Вугоршчына супраць палітычнага падыходу да Алімпіяды.

Петэр Сіярта падчас візіту ў Японію. 25 ліпеня 2023 года.
Фота: Szijjártó Péter / Facebook

Петэр Сіярта абмеркаваў падрыхтоўку да Алімпіяды-2024 з першым віцэ-прэзідэнтам МАК Сэр М’янам. Прадстаўнік МАК запэўніў кіраўніка вугорскага МЗС, што вядзецца праца над тым, каб спартоўцы з усіх краінаў, у тым ліку, з Беларусі і Расеі, маглі прыняць удзел у Алімпіядзе.

«Мы падтрымліваем гэтае памкненне, бо спартоўцы не павінны прайграваць у выніку рашэнняў з вобласці геапалітыкі. Яны не павінны несці адказнасць за вайну ва Украіне. Спартоўцы не ўваходзяць у лік тых, хто прымаў рашэнне аб гэтай вайне, таму няма ніякіх падставаў пазбаўляць іх магчымасці выступаць», – заявіў Петэр Сіярта.

Hавiны
Украіна можа адмовіцца ад байкоту спаборніцтваў з удзелам беларусаў і расейцаў
2023.07.23 23:45

Вугоршчына ў прынцыпе супраць палітычных забаронаў і байкотаў на Алімпійскіх гульнях і лічыць, што палітыка не павінна ўмешвацца ў спорт, зазначыў міністр. Сіярта нагадаў, як у 1984 годзе Вугоршчына і іншыя краіны сацлагеру байкатавалі Алімпіяду ў Лос-Анджэлесе, і ў выніку спартоўцы пазбавіліся адзінага шанцу ў жыцці трапіць на гульні.

«Правядзенне Алімпіяды з поўнай колькасцю ўдзельнікаў магло б дапамагчы ў мірным развязанні ваенных канфліктаў, у тым ліку вайны ва Украіне. Не кажучы ўжо пра тое, што ў выніку алімпійскага байкоту прайгралі спартоўцы, якія ўпарта трэнуюцца і рыхтуюцца на працягу ўсяго жыцця і не маюць ніякага дачынення да палітычных рашэнняў, – сказаў Сіярта. – Алімпіяда павінна быць не пра палітыку, а пра спорт і спартоўцаў. Гульні маюць сапраўдную міратворчую місію».

МАК дапускаў магчымасць удзелу ў Алімпіядзе беларускіх і расейскіх спартоўцаў пад нейтральным сцягам. Аднак больш за 30 краінаў выступілі супраць.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў