На сцэне Купалаўскага тэатру пакажуць 15 спектакляў па-расейску


У Вялікі тэатр оперы і балету на пасаду галоўнай мастачкі прызначылі беларуску, аўтарку сцэнаграфіі выбітнага спектаклю «Пінокіа» Любоў Сідзельнікаву. А вось у Купалаўскім тэатры працягваюць палітыку далёка не мяккай русіфікацыі: там не толькі расейскія акторы ў трупе, але яшчэ і скарачаюць колькасць спектакляў па-беларуску.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

104-ы сезон Купалаўскага тэатру пачаўся з традыцыйнага паказу «Паўлінкі». Больш у вераснёвым рэпертуары чакаць спектакляў беларускіх аўтараў не выпадае. Чаму так?

Прычына раптоўнай «русіфікацыі» Нацыянальнага тэатру простая: з гастролямі ў Менск прыязджае Казанскі акадэмічны драматычны тэатр імя Качалава. Цягам месяца яны пакажуць беларускаму гледачу 7 спектакляў: відавочна, па-расейску. Некаторыя з іх паўтораць двойчы ці нават тройчы.

«Сістэма па знішчэнні нацыяльнага: нацыянальнай культуры, мовы, свядомасці нацыянальнай, адсутнасці разумення таго, што дзяржава можа будавацца толькі на падмурку культурным, моўным», – кажа былы дырэктар Купалаўскага тэатру Павел Латушка.

Вельмі ўсцешаная панаваннем расейскай мовы ў беларускім тэатры цяперашняя дырэктарка Купалаўскага Вольга Няфёдава.

«Перамовы вяліся на працягу года. Артысты з Казані пакажуць свой выдатны класічны рэпертуар, у які ўваходзяць “Рэвізор”, “Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігара”, “Пікавая дама” і іншыя пастаноўкі», – заяўляла дырэктарка Купалаўскага тэатру.

Спектакль «Паўлінка».
Фота: kupalauski.by

Пры гэтым купалаўцаў у Расею не запрасілі. Яны паедуць з гастролямі па беларускіх гарадах: ад раённых Смалявічаў да абласнога Берасця. Пры гэтым гастраляваць па беларускіх гарадах купалаўцы плануюць з візітоўкаю «Паўлінкай» і «Чорнаю Паннай Нясвіжу». Імаверна, выпускнікі беларускіх тэатральных установаў, якіх набралі ў трупу летась, паспелі ўвайсці ў ролі.

Настойлівыя пошукі актораў у тэатр працягваюцца ўжо больш за два гады. За гэты час на службу прынялі 8 артыстаў з Расеі, пераважна таксама выпускнікоў ВНУ, тады як са старога складу ў трупе засталося ўсяго 9 чалавек.

«Хацелася б глянуць адным вокам, глянуць, як яны граюць па-беларуску – гэтыя расейскія артысты. А можа быць, і без акцэнту. Вось мы смяёмся, а можа, там нехта пранікся і сапраўды паказвае клас ігры. Як у свой час вялікі расейскі артыст Раман Філіпаў, якога па пʼянцы выкінулі з Малога тэатру, і ён уладкаваўся ў Купалаўскі. Граў там у “Людзях на балоце”», – іранізуе культуролаг Васіль ДранькоМайсюк.

Пэўныя змены перажывае не толькі трупа, але і рэпертуар Купалаўскага. Гэтак, прадстаўніца Міністэрства культуры Ірына Дрыга, вядомая тым, што складала чорныя спісы беларускіх артыстаў, запатрабавала ад адміністрацыі тэатру ставіць больш так званых патрыятычных спектакляў.

«Хай граюць, у іх будзе свой глядач патрыятычны, хай паказваюць свае патрыятычныя пʼесы… Будзе цікава, што будзе пасля: праз год, праз два, праз пяць, калі гісторыя памяняецца і калі прыйдзе іншая ўлада, як яны тады будуць мяняцца. У гэтым праявіцца іх вышэйшы артыстызм», – кажа культуролаг.

Праяўляць артыстызм прыйдзецца і зарабляючы на жыццё. З пачатку наступнага года калектывы атрымаюць толькі шэсцьдзесят адсоткаў дзяржаўнага фінансавання, астатнія 40 мусяць здабываць самі.

«Калі размаўляць пра менскія тэатры, напрыклад, тэатр Янкі Купалы, у якім я працавала да 2020 года, то ён зарабляў да паловы, да 50 %, там прадаваліся квіткі і вельмі быў знакаміты тэатр. Што тычыцца маленькіх абласных тэатраў, то мне падаецца, што яны і так знаходзяцца ў вельмі складаным становішчы», – мяркуе кіраўніца прадзюсарскай ініцыятывы «Inexkult», тэатральная менеджарка Вольга Кулікоўская.

Плануецца, што ў поўным абʼёме дзяржава пакрые выдаткі на рамонт тэатральных будынкаў ды на абсталяванне.

Наста Печанькова, «Белсат»