Купалаўскаму не стае кадраў?


Беларускі тэатр з расейскімі акторамі. У трупу Купалаўскага паклікалі выпускнікоў Расейскага інстытуту тэатральнага мастацтва ды Інстытуту сучаснага мастацтва. Такім чынам кіраўніцтва тэатру пастанавіла развязаць кадравае пытанне. Знайсці дастаткова беларускіх выканаўцаў не ўдалося.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Нам па-ранейшаму не стае актораў. Адчуваем патрэбу ў артыстах ад 30 да 60 гадоў. Асноўныя дзейныя асобы ўсёй сусветнай драматургіі належаць менавіта да названага пакалення. Мы збіраем калектыў пакрысе, і для таго неабходна шмат часу – каб у тэатры былі найлепшыя як паводле таленту, так і паводле душэўных якасцяў», – распавяла ў інтэрв’ю газеце «Культура» мастацкая кіраўніца Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы Вольга Няфёдава.

Для расейскіх актораў на сцэне Купалаўскага ставяць пластычныя спектаклі без словаў, бо беларускаю мовай яны не валодаюць.

«Былі прыклады ў гісторыі, калі ў Беларусь прыязджалі госці з Масквы, вучылі нашу мову, натхняліся нашай культурай і стваралі нешта рэальна файнае. Сённяшні варыянт, канечне ж, – не такі. І за гэтым можна толькі назіраць з лёгкай іранічнай усмешкай», – адзначыў культуролаг Васіль ДранькоМайсюк.

З 2021-га года кадравую праблему ў Купалаўскім тэатры пачалі развязваць праз кастынгі, якіх было ўжо як мінімум 8. Да трупы далучыліся акторы з рэгіёнаў, у тым ліку з Бабруйску і Пінску, а таксама студэнты, у асноўным з Універсітэту культуры.

«Гэта не той тэатр, куды хочуць людзі ісці рэальна працаваць. Ён згубіў нешта. Там дапрацоўваюць некаторыя паважаныя мною пажылыя акторы, якім няма куды ісці, і туды заганяюць студэнтаў, якім часам таксама няма куды ісці. Якія не да канца разумеюць, што і як», – дадаў Васіль Дранько-Майсюк.

На думку намесніка кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету і былога дырэктара Купалаўскага Паўла Латушкі, гэты тэатр сёння ўвогуле не існуе:

«Яны могуць рабіць колькі заўгодна выгляд, што тэатр функцыянуе. Але Купалаўскі не зможа аднавіцца, пакуль у Купалаўскі не вернуцца артысты-купалаўцы, пакуль у Купалаўскі не вернецца наш глядач».

Пасля выбараў 2020-га года купалаўцы выступілі супраць фальсіфікацыі вынікаў і гвалту з боку сілавікоў у дачыненні ўдзельнікаў мірнага пратэсту. Тады ў канцы жніўня тэатр пакінулі амаль 60 чалавек: тэхнічны персанал і амаль усе акторы. Некаторыя былі вымушаныя з’ехаць з Беларусі.

Рэпрэсіі ў сферы культуры працягваюцца. Культурніцкіх дзеячаў звальняюць і кідаюць за краты. Паводле Беларускага ПЭНу, летась як мінімум 91 чалавек з іх быў асуджаны.

«Для творцаў гэта ў пэўнай ступені выклік – у пэўнай ступені нагода падумаць, у якім фармаце яны могуць працаваць», – мяркуе кіраўнік Беларускай рады культуры Сяргей Будкін.

Сёння беларуская культура паспяхова развіваецца за мяжою. Незалежная тэатральная трупа «Купалаўцы» ставіць спектаклі, якія праходзяць з аншлагамі.

Ірына Юрʼева, «Белсат»