У школах Беларусі расце колькасць ваенрукоў


Улады робяць ухіл на вайсковую адукацыю школьнікаў. Толькі за гэты навучальны год колькасць кіраўнікоў гэтак званага вайскова-патрыятычнага выхавання павялічылася на 400 чалавек, значна перавысіўшы дзве тысячы ваенрукоў. Якая сітуацыя з мілітарызацыяй адукацыі і ці стае звычайных настаўнікаў у школах?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

1500 – столькі настаўнікаў бракуе ў Беларусі. Але гэта не датычыць кіраўнікоў гэтак званага вайскова-патрыятычнага выхавання.

Міністэрства адукацыі рапартуе, што ў школах Беларусі сярэдні паказнік забяспечанасці гэтак званых ваенрукоў складае каля 95 %. Цяпер працуюць больш за 2200 спецыялістаў, з іх 85 % – мужчыны. Амаль 400 асобаў былі прынятыя на працу ў гэтым навучальным годзе.

«З 2020 года рэжым Лукашэнкі перайшоў ад аўтарытарызму з часовымі адлігамі да адкрытага таталітарнага рэжыму. Дзе ўсё трымаецца выключна на сіле. Таму гэта адгукаецца непасрэдна і на адукацыі», – зазначае былы настаўнік гісторыі, мастак Уладзь Бохан.

Ухіл на ваенізацыю навучання павялічваецца. У Рэспубліканскім банку вакансіяў на 5 лютага – амаль 150 прапановаў для ваенрукоў. У гэтак званых вайскова-патрыятычных класах навучаюцца амаль 4 тысячы дзяцей. Яшчэ ёсць кадэцкія вучэльні, у якіх агулам па Беларусі – 1800 падлеткаў.

На пасады ваенрукоў бяруць найперш кадравых вайскоўцаў. Як зазначае ваенны псіхолаг Андрэй Казінчук, ёсць небяспека, што светаразуменне падлеткаў будзе фармавацца ў бок мілітарызацыі і культу сілы:

«Узрост вось гэтых хлопцаў у 9 класе – гэта 14-15 гадоў прыкладна. Гэта самы ўспрымальны, самы сенсітыўны, адчувальны ўзрост да фармавання таго, што завецца «што добра, што дрэнна». Іхны кодэкс, з якім яны будуць жыць, закладваецца».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Школа ў Менску, Беларусь.
Фота: Белсат

Што ж да настаўнікаў агульных прадметаў, то іх акурат не стае. У Рэспубліканскім банку вакансіяў – больш за 1500 прапановаў для педагогаў. Паводле афіцыйнай статыстыкі, колькасць настаўнікаў кожны год змяншаецца.

У пазамінулым навучальным годзе школьных педагогаў у краіне было больш за 105000. Цяпер жа гэты паказнік знізіўся да 103000 асобаў.

«Адукацыя – гэта асноўная спецыялізацыя школы, яна павінная быць такая. Па-другое – заробкі, канечне, заробкі. І трэцяе – школа павінна перастаць быць нейкай кансерватыўнай структурай, а стаць чымсьці больш вольным і адкрытым для пераменаў», – зазначае Уладзь Бохан.

Як сведчыць афіцыйная статыстыка, заробкі педагогаў – на 25 % ніжэйшыя за сярэднія па краіне і растуць больш маруднымі тэмпамі ў параўнанні з іншымі галінамі.

Аляксандр Дзегцяроў, «Белсат»