«Беларусь» засталася без кіраўніка?


Дырэктар у адпачынку. Гэтак тлумачаць у санаторыі «Беларусь», што ў Друскінінкаі, адсутнасць кіраўніка на працоўным месцы. Аднак літоўскія медыі паведамілі: Іллю Епіфанаву анулявалі ВНЖ і не ўпусцілі ў краіну. Улады Літвы прызналі яго пагрозаю нацыянальнай бяспецы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Калі б мяне апавясцілі пра такія крокі, я б рабіў захады і абараняў свае правы. Таму я лічу гэтае рашэнне палітычна матываваным. Як доктар можа пагражаць нацыянальнай бяспецы краіны? Я ў Літве адпрацаваў амаль дзесяць гадоў. Да мяне з боку літоўскіх уладаў не было ніколі ніякіх прэтэнзіяў, нават наконт парушэння правілаў дарожнага руху», – распавёў Ілля Епіфанаў у інтэрв’ю выданню «Sputnik Беларусь».

Палітолаг Інстытуту міжнародных дачыненняў і палітычных навук Віленскага ўніверсітэту Віціс Юрконіс звязвае такое рашэнне літоўскіх уладаў з мінулым здраўніцы, якая да 2021-га года адносілася да кіраўніцтва справамі Лукашэнкі:

«Я мяркую, што разглядаць гэта непрацягненне ВНЖ трэба як раз у тым ключы, што ёсць падазрэнне ў сувязях з рэжымам, што яны не абарваныя. Ці зроблена гэта неяк проста фармальна».

Супрацоўнікі беларускага санаторыя ў Літве падалі ў суд на банк, які замарозіў ягоныя рахункі
Санаторый “Беларусь” у Друскінінкаі. Фота t-v.by

У 2020-ым кіраўніцтва справамі Лукашэнкі трапіла пад санкцыі Еўразвязу, а шведскі «Swedbank» заблакаваў рахункі санаторыю. Праз паўгода прастою здраўніца, якая перайшла да Рэспубліканскага цэнтру аздараўлення і санаторна-курортнага лячэння, зноў пачала прымаць адпачыннікаў. А цяпер, паводле дырэктара цэнтру Генадзя Балбатоўскага, працуе са станоўчым эканамічным эфектам:

«Туды накіроўваліся нашыя грамадзяне ўсіх катэгорыяў. Было больш за 842 чалавекі скіравана паводле ільготных пуцёвак цягам году, якія мелі візы. Таму што сёння ўрад Літвы адмаўляе ў выдачы візаў, у тым ліку дзецям-інвалідам»

Візы рабіць самастойна і мець з сабою гатоўку, бо карткі любых краінаў у санаторыі не працуюць. Вось нюансы, якія варта ўлічваць патэнцыйным адпачыннікам. У самой здраўніцы на колькасць гасцей і пацыентаў не скардзяцца. Аднак зазначаюць:

«Беларусаў недастаткова. Таму што ўсе чытаюць прэсу. Але нармальна, прыязджаюць да нас з Канады, ЗША, Нарвегіі, Украіны, Латвіі, Эстоніі. Адусюль прыязджаюць».

Па-іншаму склаўся лёс яшчэ адной беларускай здраўніцы ў краінах Балтыі. Санаторый «Белоруссия» ў латышскай Юрмале спыніў працу ў красавіку 2022-га года, трапіўшы пад санкцыі. Цяпер там трымаюць мінімальны штат працаўнікоў, каб падтрымліваць цэласць абсталявання.

Ірына Юрʼева, «Белсат»