Якія змены прынёс беларусам новы 2024 год


Новы 2024 год пачаўся з важных новаўвядзенняў, што закранулі ў тым ліку і фінансавы дабрабыт беларусаў. Так, з двухсот трыццаці пяці да двухсот пяцідзесяці рублёў вырасла базавая стаўка. На яе падставе фармуецца заробак бюджэтнікаў – гэта значыць, што ён павялічыцца. Але разам з тым вырастуць штрафы, дзяржаўныя мыты, падаткі і зборы. Бо ўсе яны таксама прывязаныя да базавай велічыні.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Пасля падвышэння базавай велічыні будуць мяняцца і выплаты розных дапамог насельніцтву. Гэта звычайны працэс індэксацыі. Ён звязаны з ростам коштам жыцця ў Беларусі праз інфляцыю», – заявіў эканаміст Алег Мазоль.

Традыцыйна на пачатку года павялічылі і камунальныя аплаты. Для тыпавой двухпакаёвай кватэры, дзе жывуць трое, плата вырасце на палову базавай – гэта дваццаць рублёў. Якія канкрэтна паслугі падаражэюць, чыноўнікі пакуль не агучылі.

З новага года пачаў працу абноўлены Падатковы кодэкс. Сярод навінак – падатак на раскошу. Так, для ўладальнікаў дарагіх люксавых аўтаў стаўка транспартнага падатку павялічылася ў дзесяць разоў. Змены закрануць і тых, хто атрымлівае са сваёй працы «звышпрыбытак»: калі даходы асобы перавысяць дзвесце тысяч рублёў, то з сумы перавышэння давядзецца заплаціць дваццаць пяць адсоткаў падатку, замест леташніх трынаццаці. Такія змены зробяць краіну менш прывабнай для інвестыцыяў.

Змены закрануць і індывідуальных прадпрымальнікаў. Калі прыбытак за год перавысіць пяцьсот тысяч рублёў, стаўка падаходнага падатку будзе роўная трыццаці адсоткам.

«Ад прадпрымальнікаў плануюць пазбавіцца як ад класу. Мы бачым, як з году ў год гэта рэалізуецца», – лічыць эканаміст Аляксей Харкевіч.

З першага студзеня ў Беларусі на семдзесят два рублі павялічылі мінімальны заробак. Ён вырас з пяцісот пяцідзесяці чатырох да шасцісот дваццаці шасці рублёў. Цягам усяго мінулага года гэты паказнік ні разу не індэксавалі.

Падарунак беларусам да новага года падрыхтавала і Мінздароўя – скарацілася колькасць дзён для лячэння і аздараўлення ў санаторыях з дзяржаўнаю датацыяй. Дзеці будуць мець у санаторыях васямнаццаць дзён замест дваццаці адных, а дарослыя – пятнаццаць дзён замест васямнаццаці. Але, на думку эксперта, такія змены мала закрануць звычайных беларусаў.

«У Беларусі даўно ніхто ніякіх аздараўленняў не атрымлівае. Выключныя выпадкі звязаныя з заслужанымі супрацоўнікамі дзяржаўнага прафсаюзу, які і размяркоўвае гэтыя накіраванні. Звычайны беларус, або дзеці звычайнага беларуса ні на якія санаторыі і аздараўленні не ездзяць. Тым больш бясплатна», – заявіў чалец Свабоднага прафсаюзу Беларускага Дзяніс Садоўскі.

Яшчэ адная змена ў парадку аздараўлення. Пуцёўку ў санаторый з бюджэтным фінансаваннем працоўныя беларусы могуць атрымаць адзін раз на чатыры гады. А вось непрацоўныя пенсіянеры, якія служылі ў сілавых структурах, тры разы на год.

Выраслі таксама акцызы на тытунёвыя вырабы, алкагольныя напоі ды іншыя тавары. Акцызы заўсёды залучаюцца ў цану, а гэта значыць, што ў новым годзе такая прадукцыя падаражэла.

Андрэй Сульжыц, «Белсат»