Лукашэнку выклікалі ў Кітай?


Аляксандр Лукашэнка прыляцеў у Кітай. Калі ягоны папярэдні прыезд у Пекін шырока анансавалі дзяржаўныя медыі, то гэты выглядае неспадзяваным. Лукашэнка штосьці просіць у Сі Цзінь Піна? Ці наадварот – кітайскі кіраўнік выклікаў да сябе самаабвешчанага прэзідэнта?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Адрозна ад сакавіцкага візіту, гэтым разам Аляксандра Лукашэнку ў Пекіне віталі без пампезных цырымоніяў. Прынамсі, ягоная прэсавая служба іх не паказала. Сенсацыяў публічная частка сустрэчы з Сі Цзінь Пінам не прынесла. Бакі абменьваліся стандартнымі кампліментамі.

Няўжо Лукашэнка гэтак неспадзявана прыляцеў у Пекін толькі для таго, каб пацешыцца развіццём беларуска-кітайскіх стасункаў і атрымаць у падарунак кошык яблыкаў?

«Тут яшчэ трэба падумаць: ці гэта заахвочванне, ці выклік на дыван. Тут варта адзначыць, ёсць статыстыка, што апошнім часам плынь мігрантаў зменшылася. Бывалі нават дні, калі то літоўцы, то палякі адзначалі, што ніводнага нелегала не было», – звяртае ўвагу палітычны аналітык праекту «Позірк» Аляксандр Класкоўскі.

Польшча сапраўды гразіла закрыць усе пункты пропуску з Беларуссю, калі рэжым Лукашэнкі будзе абвастраць сітуацыю на мяжы. Гэта нашкодзіла б транзіту кітайскіх грузаў у Еўразвяз. Неспадзяваны выклік у Кітай можа быць часткай глабальнага плану Сі Цзінь Піна стварыць сваю сетку аўтакратаў, каб супрацьстаяць Захаду, мяркуе палітолаг-кітаязнаўца Артур Харытонаў, прэзідэнт грамадскай арганізацыі «Ліберальна-дэмакратычная ліга Украіны».

Аляксандр Лукашэнка і Старшыня КНР Сі Цзінь Пін. 4 снежня 2023 года.
Фота: president.gov.by

«Пасля саміту ў Сан-Францыска, калі Байдэн сустрэўся з Сі і яны ўхвалілі пэўныя межы канкурэнцыі, хісткі статус-кво, Кітай стаў прымаць шматлікія расейскія дэлегацыі і анансаваў маштабныя інвестыцыі ў Расею на ўсіх кірунках. А следам прыехаў Лукашэнка, які, з аднаго боку, ёсць часткаю расейскага свету, а з іншага – хоча быць адкрытым васалам Кітаю», – кажа Артур Харытонаў.

Рэжым Лукашэнкі шукае ад Кітаю і эканамічнага падтрымання. Гэтак, у лістападзе дэлегацыя беларускага Мінпраму падпісала з аналагічным кітайскім ведамствам план супрацы ў машынабудаванні, дрэваапрацоўванні, хімічнай вытворчасці і інфармацыйных тэхналогіях. Раней беларуска-кітайскія праекты не заўсёды заканчваліся ўдала. Гэтак, будаванне заводу беленай цэлюлозы ў Светлагорску суправаджалася скандалам праз няякаснае выкананне працы. З нібыта паспяховых – збіранне ў Беларусі кітайскіх аўтамабіляў «Джылі».

«За апошнія пятнаццаць гадоў мы не бачым высокіх тэхналогіяў з Кітаю. Бо Кітай добра разумее, як працаваць на сусветным рынку, разумее, што такое інтэлектуальнае права ўласнасці. Ён у “Вялікім камені” з беспрэцэдэнтным падатковым рэжымам толькі лагістычны цэнтр збудаваў – і ўсё», – кажа эканаміст Яраслаў Раманчук.

Але падтрымаць рэжым Лукашэнкі грашыма Кітай можа сабе дазволіць, мяркуе Артур Харытонаў.

«Калі пытанне пра некалькі мільярдаў – гэта ў прынцыпе для Кітаю не праблема. Бо эканоміка Беларусі і агулам Беларусь як краіна для Кітаю – як адна правінцыя. Меней за Расею. Увогуле падтрыманне Расеі абыходзіцца танней за ўтрыманне адной кітайскай правінцыі», – тлумачыць Артур Харытонаў.

Пакуль таваразварот з Кітаем у разы меншы, чым з Расеяй. Доля ўсходняй суседкі ў вонкавым гандлі Беларусі за мінулы год вырасла з 50 да 60 адсоткаў, што паглыбляе залежнасць беларускай эканомікі ад расейскага рынку. Але ці здолее рэжым Лукашэнкі зменшыць гэтую долю на карысць Кітаю?

Валянцін Васіленка, «Белсат»