Набліжаецца новы веласезон


Зусім хутка ў Беларусі працу распачнуць шэрынгавыя кампаніі. З 15-га сакавіка беларусы змогуць узяць у арэнду ровары, электрасамакаты ды іншыя сродкі персанальнай мабільнасці.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Шэрынг самакатаў перастаў быць для беларусаў проста забавай. Больш за дзевяноста адсоткаў арэнды – транспартныя паездкі. Толькі ў сталіцы летась у параўнанні з 2022 годам колькасць паездак на электрасамакатах павялічылася ўдвая – да двух мільёнаў.

Вырасла ўдвая таксама і колькасць карыстальнікаў. Летась іх было сто шэсцьдзесят тысячаў. Агулам за 2023 год менчукі на самакатах праехалі чатыры з паловаю мільёна кіламетраў, пазалетась – два з паловаю мільёна.

«Гэта становіцца больш папулярным, больш даступным відам транспарту. Каб пабачыць горад і адчуць асалоду ад яго – лепш выкарыстоўваць самакат альбо ровар», – лічыць грамадскі дзеяч з Гомля Валер Сляпухін.

Менчукоў чакаюць і прыемныя змены: акрамя магістральнай веладарожкі ўздоўж ракі Свіслач, уладкуюць праезд з абодвух бакоў праспекту Пераможцаў. А як з інфраструктурай у рэгіёнах?

Тое, што ў Горадні ёсць, – гэта некалькі сапраўдных роварных дарожак. Яны ў першую чаргу з’яўляюцца ў новых раёнах. Што датычыцца большасці майго гораду – гэта такія смешныя дарожкі, якія проста рэгулююць паток пешаходаў і раварыстаў», – распавёў раварыст Алесь Дзянісаў.

Часта кінутыя ровары і самакаты перашкаджаюць пешаходам. У Менску запусцяць чат-бот для скаргаў на дрэнна прыпаркаваныя пракатныя сродкі перасоўвання. У некаторых месцах хуткасць самакатаў абмяжуюць пятнаццаццю кіламетрамі на гадзіну.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі едуць на самакатах уздоўж праспекту Незалежнасці. Менск, Беларусь.
Фота: Белсат

«Штрафы за перавышэнне ёсць? Не, няма. Адказнасць? Няма. Можна парушаць такія нормы? Можна. То бок складанасцяў для пешаходаў не зменшае, а нагляд за гэтым ніхто весці не будзе», – дадае Валер Сляпухін.

Наезды двухколавага транспарту на пешаходаў не адносяцца да катэгорыі дарожна-транспартавых здарэнняў, аднак сталічнае ДАІ мае інфармацыю пра амаль тысячу дзвесце здарэнняў, у выніку якіх была нанесеная шкода пешаходам. У большасці выпадкаў пацярпелыя атрымалі цялесныя пашкоджанні рознай ступені цяжкасці. Праз падзенне з ровара адзін чалавек загінуў.

«Няма папулярызацыі, няма адукацыі. Людзі проста ідуць там, дзе падабаецца. І ўсё на гэтым. А калі не праводзіцца адукацыйная кампанія ў гэтым кірунку, то і сітуацыю змяніць цяжка», – падсумаваў Алесь Дзянісаў.

Што да ДТЗ з удзелам карыстальнікаў сродкаў персанальнай мабільнасці – толькі тры з дзевятнаццаці адбыліся з іхнае віны. У большасці аварыяў вінаватыя кіроўцы аўтаў, якія не заўважылі раварыстаў і самакатчыкаў пры павароце налева або направа на пешаходным пераходзе, ці выездзе з дваровых тэрыторыяў.

У Беларусі спешвацца з двухколавага транспарту пры праездзе праз пешаходны пераход не абавязкова. Аднак гэта і ёсць адна з прычынаў павелічэння колькасці ДТЗ. Будзьце пільнымі і пры магчымасці пераходзьце дарогу пешкі.

Андрэй Сульжыц, «Белсат»