Лукашэнка адмовіў Шведу


Лукашэнка сабраў у адным месцы ажно 11 генералаў, а таксама кіраўніка Вярхоўнага Суда Сукалу. Абмяркоўвалі неабходнасць вайсковых пракуратураў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Трэба сёння ці не трэба аднаўляць сістэму пракурорскага нагляду, якая была да 2014 года», – сумняваўся Лукашэнка.

Інстытут вайсковых пракуратураў у Беларусі, які скасавалі амаль дзесяць гадоў таму, прапанаваў аднавіць генеральны пракурор Андрэй Швед:

«У сувязі з ваенна-палітычнай абстаноўкай, якая складваецца паблізу нашых межаў».

Экс-супрацоўнік Генеральнай пракуратуры Алег Талерчык мяркуе, што ў Шведа іншая матывацыя:

«У Генеральнай пракуратуры працуе шмат людзей, якія раней працавалі ў Ваеннай пракуратуры. Там яны ездзілі на праверкі, парыліся ў лазнях, атрымлівалі падарункі ад вайскоўцаў. Гэтыя людзі прызвычаіліся нічога не рабіць».

Цяпер, зазначае Талерчык, яны хацелі б вярнуцца ў ранейшы час. Але Лукашэнка ў выніку нарады вырашыў вайсковых пракуратураў усё ж не аднаўляць. Ён заклікаў больш пільна працаваць над эфектыўнасцю пракурорскага нагляду агулам.

«Раней Лукашэнка такія ініцыятывы падтрымліваў – стварэнне даданых дэпартаментаў, дубляванне функцый. Але, верагодна, проста няма грошай. Таму цяпер такія бюракратычныя рэчы кшталту Ваеннай пракуратуры для Лукашэнкі прыярытэтнымі не з’яўляюцца», – разважае вайсковы аглядальнік «Белсату» Зміцер Міцкевіч.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аляксандр Лукашэнка і Андрэй Швед.
Фота: president.gov.by

Паралельна кіраўнік унутраных войскаў Мікалай Карпянкоў анансаваў намер стварыць чарговае падраздзяленне спецыяльнага прызначэння. Гэта ў дадатак да яшчэ васьмі (!), якія зʼявіліся апошнім часам.

«”Рысь” і “Беркут” у Менску, “Шторм” у Берасці, “Тайфун” у Горадні, “Буран” у Гомлі, “Цыклон” у Астраўцы, а таксама “Смерч” і “Гонар” з ліку спецназаўцаў ветэранаў-добраахвотнікаў», – робіць пералік Карпянкоў.

Новае спецпадраздзяленне размесціцца на базе вайсковай часткі 3310, у вёсцы Аколіца Менскага раёну. Зусім побач з Астрашыцкім Гарадком. Якраз там у адной са сваіх рэзідэнцыяў, меркавана, жыве Лукашэнка.

«Тое, што робіць Карпянкоў, накіравана на павелічэнне ягонага ўплыву, – мяркуе Зміцер Міцкевіч. – Мы ведаем, што ён бачыць сябе ў міністэрскім фатэлі. Ён сапраўды адданы службе, ён нечага хоча дасягнуць, яго сапраўды гэта матывуе».

Са Змітром Міцкевічам не згаджаецца Алег Талерчык. На меркаванне былога працаўніка Генеральнай пракуратуры, Карпянкоў дзейнічае ў інтарэсах іншага актара.

«Усё, што ён робіць, ён робіць не дзеля Беларусі, не дзеля сябе асабіста, не дзеля Лукашэнкі. Ён усё робіць па загаду Масквы, па загаду Крамля, – упэўнены Талерчык. – Тое, што ўтвараюцца новыя падраздзяленні спецназу, гэта фізічнае замацоўванне той фактычнай акупацыі, якая адбылася ў лютым 2022 года».

Алег Талерчык дадае, што Крэмль надзвычай пужае колькасць беларускіх добраахвотнікаў, якія атрымалі ваенны досвед ва Украіне. А таксама тое, што яны могуць ужыць яго на радзіме – каб вывесці Беларусь з-пад уплыву Масквы.

Ян Федаровіч, «Белсат»