Спецпрадстаўнік Пуціна ў Беларусі прэзентаваў новую эканамічную раду


Адмысловая рада пры амбасадары Расейскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь створана з ініцыятывы Міхаіла Бабіча. Галоўнай мэтай новай структуры дэкларуецца садзейнічанне забеспячэнню адзінай вонкавапалітычнай лініі Расеі ў галіне гандлёва-эканамічнай супрацы з Беларуссю. Таксама рада мае на мэце прасоўванне эканамічных інтарэсаў Расеі ў Беларусі, у прыватнасці, развіццё гандлёвага, інвестыцыйнага, валютна-фінансавага, навукова-тэхнічнага, а таксама іншых відаў эканамічнай і дзелавой супрацы паміж краінамі.

У першым паседжанні эканамічнай рады прынялі ўдзел прадстаўнікі розных сфераў бізнесу: паліўна-энергетычнага комплексу, машынабудавання, лёгкай прамысловасці, банкавага і страхавога бізнесу, гандлю, а таксама чыноўнікі федэральных і рэгіянальных органаў дзяржаўнай улады Расеі, паведамляе сайт расейскай амбасады ў Беларусі.

Такі пашыраны склад, на думку амбасадара РФ, дазваляе стварыць найбольш поўную карціну становішча расейскіх кампаніяў, іх філіялаў і прадстаўніцтваў на тэрыторыі Беларусі, наладзіць зваротную сувязь органаў выканаўчай улады і бізнесу, дапамагчы ў вырашэнні складанасцяў.

Адкрываючы паседжанне рады, спецыяльны прадстаўнік Уладзіміра Пуціна па развіцці гандлёва-эканамічнай супрацы з Рэспублікай Беларусь і надзвычайны і паўнамоцны Пасол РФ у РБ Міхаіл Бабіч падкрэсліў важнасць развіцця двухбаковых адносінаў паміж краінамі, неабходнасць больш глыбокай інтэграцыі нацыянальных гаспадарак і кааперацыйных сувязяў бізнесу, сумеснай рэалізацыі праектаў па выхаду на рынкі трэціх краінаў, выкарыстоўваючы існы высокі навуковы, тэхнічны, тэхналагічны і кадравы патэнцыял.

Падчас мерапрыемства ўдзельнікі абмеркавалі пытанні вядзення бізнесу расейскіх кампаніяў на тэрыторыі Беларусі і абазначылі пытанні, якія патрабуюць больш дэталёвай прапрацоўкі ў межах рады.

Мяркуецца, што паседжанні эканамічнай рады пры амбасадары будуць адбывацца двойчы на ​​год.

ВІДЭА
Міхаіл Бабіч пра інтэграцыю з Беларуссю: Ніхто нікога не паглынае
2018.12.17 16:30

СК, belsat.eu

Стужка навінаў