Прыхільнік «жорсткіх падыходаў». Што вядома пра новага кіраўніка Аршаншчыны?


Аршанскі раён узначаліў 49-гадовы Ігар Ісачанка. Прызначэнне адбылося 15 жніўня – на наступны дзень пасля разгромнай нарады Аляксандра Лукашэнкі ў Воршы. Што вядома пра новага кіраўніка райвыканкаму?

Ігар Ісачанка. Фота – vitvesti.by

Былы вайсковец

Ігар Ісачанка нарадзіўся ў 1969 годзе ў горадзе Лёзна Віцебскай вобласці. Скончыў Кіеўскае вышэйшае зенітнае ракетнае інжынернае вучылішча імя С.М. Кірава і з 1991 па 1999 год служыў ва Узброеных Сілах Беларусі. Як распавядаў сам Ісачанка ў адным з інтэрв’ю, пасля вучылішча трапіў у вайсковую частку ў вёсцы Межыца Лепельскага раёну. Пасля некалькіх гадоў службы перавёўся ў Полацк, дзе пазней стаў начальнікам штаба зенітна-ракетнага дывізіёна. Чаму Ісачанка пакінуў вайсковую службу дакладна невядома.

15 гадоў прапрацаваў у камунальных службах Віцебску

З 1999 года працаваў на розных пасадах на прадпрыемстве «Віцебскаблгаз», прычым пачынаў майстрам на Полацкай газанапаўняльных станцый. Дырэктара «Віцебскаблгаз» Пятра Шэршнева Ісачанка лічыць сваім «добрым настаўнікам» у цывільным жыцці. Затым з 2009 па 2004 год быў генеральным дырэктарам «Віцебскаблводаканалу».

«Мне здаецца, што ў Савецкім Саюзе правільна рабілі, займаючыся ратацыяй кадраў. Папрацаваў 3-4 гады і змяняеш кірунак. Вузкая спецыялізацыя – таксама нядрэнны варыянт, але яна не дае развівацца кіраўнікам, раскрыцца на 100%», – распавядаў Ісачанка у інтэрвʼю «Витебским вестям» у 2014 годзе.

Прыхільнік «жорсткіх падыходаў»

4,5 гады адпрацаваў у Віцебскім аблвыканкаме на пасадзе старшыні камітэту па архітэктуры і будаўніцтву. Свае погляды на дзяржаўнае кіраванне апісваў так: «Галоўнае, каб у галіне была жорсткая дысцыпліна і падыходы, тады ўсё задуманае здзейсніцца».

Нагадаем, кіраўніка Аршанскага райвыканкаму Аляксандра Пазняка Аляксандр Лукашэнка адправіў у адстаўку 14 жніўня. Таксама на аршанскай нарадзе Лукашэнка:

  • абвінаваціў урад у пафігічным стаўленні да ягоных загадаў;
  • паабяцаў адправіць у адстаўку міністра архітэктуры і будаўніцтва Анатоля Чорнага і міністра прамысловасці Аляксандра Воўка;
  • абвясціў поўную службовую неадпаведнасць старшыні Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Алегу Двігалёву і сакратару Савета бяспекі Станіславу Засю;
  • запатрабаваў ўнесці прадстаўленне аб замене кіраўніцтва савета міністраў.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў