Павел Севярынец заклікае да візавага байкоту ўладальнікаў «Паедзем, паядзім»


Лідар абароны Курапатаў, палітык Павел Севярынец аб’явіў аб пачатку поўнага, сістэмнага байкоту рэстарацыі «Паедзем, паядзім».

Падчас прэс-канференцыі ў Курапатах Севярынец нагадаў, што ўласнікі рэстарацыі, сярод якіх бізнесоўцы Леанід Зайдзес і Барыс Сурыс, 14 ліпеня спрабавалі гвалтоўна разагнаць абаронцаў. Пасля гэтага бізнесоўцам быў прадʼяўлены ўльтыматум: тры дні на тое, каб абвесціць аб спыненні працы рэстарацыі. Паколькі на ўльтыматум Зайдзес і Сурыс не адказалі, то абаронцы Курапатаў абвяшчаюць «поўны, сістэмны грамадскі байкот» рэстарацыі «Паедзем, паядзім».

Байкот, паводле Севярынца, будзе складацца з некалькіх пунктаў:

1. Пастаўшчыкі. Абаронцы Курапатаў прапануюць пастаўшчыкі адмовіцца ад супрацы з рэстарацыяй «Паедзем, паядзім». Актывісты ўжо накіравалі звароты 4-м пастаўшчыкам прадукцыі, сярод якіх «Лідскае піва» і «Е-дастаўка» («Еўраопт»). Калі яны адмовяцца, то байкот будзе распаўсюджаны і на пастаўшчыкоў.

2. Уладальнікі. Севярынец паабяцаў звярнуцца ў амбасады заходніх краінаў з заклікам адмовіць у візах уладальнікам рэстарацыі, а таксама не выпускаць у ЕЗ тыя машыны, якія наязджалі на абаронцаў. Акрамя таго, палітык заклікаў да асабістага байкоту наведнікаў праз сацыяльныя сеткі.

3. Бізнес уладальнікаў рэстарацыі. Севярынец заклікаў да байкоту іншых рэстарацыяў, якія належаць уладальнікам «Паедзем, паядзім». У прыватнасці, гаворка ідзе пра менскія рэстарацыі «Гранд Кушавель», The View, барам AnyTime. Заўтра актывісты збіраюцца выйсці да «Гранд Кушавеля» – яны будуць распаўсюджваць улёткі, інфармаваць наведнікаў пра бізнес уладальнікаў рэстарацыі.

Абаронцы таксама збіраюцца перадаць зварот у адміністрацыю Лукашэнкі з просьбай разабрацца ў сітуацыі і абараніць Курапаты.

«Мы будзем праводзіць байкот негвалтоўны – ніякіх падпалаў і руйнавання. Гвалт зыходзіць толькі з боку ўладальнікаў», – падкрэсліў Севярынец.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў