Крыштальнае сэрца Сальвадора. Хто ён, пераможца Еўрабачання-2017?


Уночы з 13 на 14 траўня перамогу на Еўрабачанні здабыў партугальскі выканаўца Сальвадор Собрал з песняй «Amar pelos dois» («Кахання хопіць для дваіх»). Па выніках галасавання, ён набраў 758 галасоў.

Пераможцу – 27 гадоў, і ён не зусім звычайны грамадзянін Партугаліі. Сальвадор Собрал паходзіць са шляхецкага роду да Сілва, з каранямі аж у XVII стагоддзі. У спявака ёсць сястра Луіза, таксама спявачка. Яна і напісала для брата пераможную песню.

На Еўрабачанні Партугалія ніколі не падымалася вышэй за 6-е месца.

«Гэта перамога музыкі, а таксама людзей, якія робяць такую музыку, якая насамрэч штосьці кажа», – так адрэагаваў спявак на сваю перамогу. «Музыка – гэта не феерверк, музыка – гэта пачуцці, давайце зменім гэта і вернем назад такую музыку».

У Партугаліі Сальвадора ведаюць з 2009 году, калі ён узяў удзел у нацыянальным конкурсе песні. Але вялікага поспеху ён пакуль не пазнаў, і за межамі краіны быў невядомы. Да апошняга часу Сальвадор не ведаў, ці зможа прыняць удзел у Еўрабачанні праз праблемы з сэрцам. Ён нават не браў удзел у рэпетыцыях напярэдадні фіналу, бо баяўся, што сэрца не вытрымае. На рэпетыцыях за яго спявала сястра.

«Маю хваробу нельга вылечыць канчаткова, і гэта сапраўдная праблема, адзіная, што ёсць у маім жыцці», – казаў Сальвадор у інтэрвʼю партугальскай прэсе напярэдадні свайго адʼезду на Еўрабачанне.

Падчас свайго навучання на іспанскіх выспах па праграме Erasmus, Сальвадор Собрал выступаў у барах і гатэлях на Маёрцы. Затым зʼехаў у Барсэлону вывучаць джаз і трэніраваць голас. Учора гэты голас ад хворага сэрца і перамог Еўропу. У 2018 годзе Еўрабачанне адбудзецца ў Партугаліі.

ВЧ, belsat.eu

Стужка навінаў