Цягам мінулага года за затрымку заробкаў у Беларусі прыцягнулі да адміністратыўнай адказнасці больш за 4 тысячы асобаў з боку працадаўцаў. Такую інфармацыю падае Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
Найбольш складаная сітуацыя са своечасовымі разлікамі ў сельскагаспадарчых арганізацыях, якія складаюць 80 % ад агульнай колькасці даўжнікоў. Затрымліваюць заробкі таксама арганізацыі, якія падначаленыя міністэрствам архітэктуры, транспарту, адукацыі, канцэрнам «Беллегпрам» і «Беллеспаперапрам». Большасць арганізацыяў з запазычанасцямі заробкаў перад працаўнікамі мелі нізкую або адмоўную рэнтабельнасць.
Паводле інфармацыі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, летась ва ўсіх без выключэння вобласцях, а таксама ў Менску, былі зафіксаваныя факты запазычанасцяў па заробках.
Цягам мінулага года, у межах маніторынгу ведамства праверыла больш за 5,5 тысячаў арганізацыяў. Праведзенае правяранне выявіла 105 арганізацыяў, дзе заробкі складалі менш за мінімальны ўзровень аплаты. У сувязі з гэтым да адміністратыўнай адказнасці былі прыцягнутыя 92 асобы.
ДР belsat.eu