Мітрапаліт Павел: Не трэба варагаваць з прыхільнікамі камунізму. Для іх гэта святое


Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі не мае намеру варагаваць з паслядоўнікамі камуністычнай ідэалогіі ды тымі, хто лічыць помнікі бальшавікам святымі. Пра гэта ён заявіў журналістам у час паездкі ў Магілёў 16 лютага.

«Трэба, я думаю, паважаць гісторыю, – сказаў кіраўнік Беларускага экзархату. – Бо шмат для якіх людзей гісторыя савецкай улады была іхнаю ідэалогіяй. Яны так выхаваныя былі, для іх гэта было нешта святое. Для іх гэта святое, і няхай яны гэтым жывуць. Мы мусім абвяшчаць Евангелле, мы мусім вучыць людзей любіць адзін аднаго. Я думаю, што прыйдзе час, калі людзі зразумеюць, што ўсе гэтыя заклікі савецкай або камуністычнай ўлады не рэалізуюцца. І людзі зразумеюць, што ісці гэтым шляхам бессэнсоўна. Яны павернуцца і пойдуць іншым шляхам, дзе яны будуць атрымліваць усё неабходнае і для жыцця зямнога, і для сваёй душы».

Мітрапаліт прыехаў у Магілёў для асвячэння нядаўна збудаванай царквы Святых царскіх пакутнікаў, усіх навамучанікаў і вызнаўцаў Царквы Расейскай. Царкву пабудавалі непадалёк Савецкай плошчы, дзе размешчаны манументальны комплекс памяці змагароў за савецкую ўладу, вінаватых у смерці сям’і апошняга расейскага імператара.



Кіраўнік Беларускага экзархату не выказаў з гэтай нагоды якіх-небудзь адмоўных заўвагаў. «Гэтая Савецкая плошча мяне не ўкусіла. Чаму я мушу неяк агрэсіўна да яе ставіцца?» – сказаў мітрапаліт.

«Я думаю, не варта рабіць акцэнтаў на тых момантах, бо для кагосьці гэтыя назвы былі чымсьці святым. Ну, для іх гэта святое. Але ці ёсць сэнс нам варагаваць? У нас ёсць іншае – у нас ёсць Евангелле, у нас ёсць Хрыстос, які заклікае нас усіх любіць, не варагаваць, а любіць. Таму нармальна будзем жыць», – падкрэсліў мітрапаліт.

Іерарх таксама адзначыў, што Магілёў стаў першым у краіне горадам, які ён наведаў у якасці Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі за межамі Менскай епархіі. «Пачынаць сваё служэнне ў якасці экзарха з асвячэння храму, я думаю, што гэта вельмі знакава», – сказаў мітрапаліт, заявіўшы, што гэта і ёсць добраславенне Божае.

Мітрапаліт Павел (у свеце Георгій Панамароў) узначаліў Беларускі экзархат у канцы мінулага года. Яго папярэдніка, мітрапаліта Філарэта, адправілі на супакой рашэннем сінода Расейскай праваслаўнай царквы ад 25 снежня «ў сувязі з дасягненнем 75-гадовага ўзросту». Беларускаю праваслаўнаю царквою Філарэт кіраваў з 1990 года. У сакавіку 2014-га яму споўніцца 78 гадоў.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў