Ці тэлеканал «Белсат» пазбавяць яго назвы?


Разгляд судовага працэсу ў справе таварнага знаку «Белсат» перанеслі на 22 студзеня. Ёсць вялікая верагоднасць, што ўжо заўтра суд абвесціць сваю пастанову, распавёў афіцыйны прадстаўнік «Белсату» ў Беларусі Міхась Янчук.

Вярхоўны суд сёння заслухаў прадстаўнікоў незалежнага тэлеканалу і фірмы «БЕЛСАТплюс» ды даследаваў доказы. «Калі заўтра не будзе нейкіх дадатковых доказаў, то суд, хутчэй за ўсё, абвесціць сваё рашэнне», – адзначыў спадар Янчук.

Пазоўнік Андрэй Белякоў з фірмы «БЕЛСАТплюс» сёння заявіў у судзе, што відэа з лагатыпам «Белсату», на якім Міхась Янчук дае каментар аб судовым працэсе, ёсць парушэннем ягоных, Белякова, маёмасных правоў на таварны знак.

{movie} Міхась Янчук пра справу “Белсату”|right|14357{/movie}

Абвінавачанне спадара Белякова тэлеканалу «Белсат» у незаконным выкарыстанні таварнага знаку і стала падставаю для пазову ў лістападзе 2013 года. Справу разглядае Вярхоўны суд, што не дазволіць падаць апеляцыю пасля судовага выраку.

Першапачатковым патрабаваннем спадара Белякова было прыпыненне трансмісіі сігналу тэлебачання «Белсат» аператарамі спадарожніка «Astra». Учора пазоўнік змяніў патрабаванні ды жадае толькі прыпынення выкарыстання таварнага знаку «Белсат ТВ» («Belsat TV»).

Працяг судовага працэсу ў справе «Белсату» пачнецца заўтра, 22 студзеня, а 10.00 у Вярхоўным судзе: Валадарскага 8.

Тэлеканал зарэгістраваны ў Польшчы, таксама, як і дамен сайту. Даменнае імя не зарэгістраванае ў Беларусі ды не адмініструецца з тэрыторыі Беларусі, а тэлебачанне не транслюецца з тэрыторыі Беларусі. Адпаведна, і таварны знак не падпадае пад юрысдыкцыю беларускага права.

Да таго ж «Белсат» зарэгістраваны як «Белсат ТВ» («Belsat TV»), а гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства – як «БЕЛСАТплюс» (пасведчанне аб рэгістрацыі № 190991566).

Фірма спадара Белякова займаецца продажам абсталявання для прыёму спадарожнікавага і кабельнага тэлебачання ды радыётэхнічнага абсталявання. Паводле заканадаўства, нельга блакаваць таварны знак, калі ён выкарыстоўваецца ў іншай галіне (трансляцыя і прадукцыя тэлевізійных праграмаў). Фірма «БЕЛСАТплюс» не ажыццяўляе тэлевізійнай трансляцыі.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў