«Да вучня нельга пальцам дакрануцца, а ён можа рабіць што заўгодна». Збіраем гісторыі пра агрэсію ў школах!


Настаўнік – прафесія небяспечная? Вучні баяцца настаўнікаў? «Белсат» збірае гісторыі пра агрэсію ў школах, як з боку вучняў, гэтак і з боку педагогаў.

23 траўня ў гімназіі № 74 адзін з вучняў пырнуў нажом настаўніцу расейскай мовы. Следства высвятляе акалічнасці справы, а медыкі дагэтуль змагаюцца за жыццё жанчыны.

Ці настаўнік – прафесія небяспечная? Мы распыталі педагогаў пра выпадкі агрэсіі з боку настаўнікаў. Заклікаем вас дзяліцца сваймі гісторыямі пра недапушчальныя канфлікты ў беларускіх школах. Апішыце іх у сацыяльных сетках, дадаўшы тэг #выжыцьушколе, звярніце ўвагу, каб ваш пост быў у адкрытым доступе, а не толькі для сяброў!

Вольга, настаўніца ангельскай мовы ў Горадні:

Я цяпер працую ў гімназіі і ніякіх праблемаў з вучнямі не маю. Вельмі падабаецца і тое як вучні з павагаю ставяцца і бацькі – за некаторымі выключэннямі. Зусім па іншаму было ў сярэдняй школе. Ні пра якое адчуванне бяспекі не вялося, досыць часта паступалі пагрозы. Перадусім ад 9-класнікаў, якія замест таго, каб вучыцца, па гаражах лазілі. А калі атрымлівалі кепскія адзнакі – пагражалі мне. Аднойчы я пайшла да дырэктара па дапамогу. А той ведаеце што мне сказаў? Ён спытаў: у вас ёсць муж? Вось, хай муж пачакае, калі той вучань будзе выходзіць са школы і патлумачыць яму, як трэба сябе паводзіць.

Натуральна, ніхто нікога каля школы не пільнаваў. А з той школы я неўзабаве звольнілася, пагрозы і паводзіны вучняў былі адной з прычынаў для такога рашэння.

Людміла, выкладала ў Кобрынскіх школах:

Няма ніякай аховы або ўпэўненасці ў тым, што ў нас бяспечна. Правоў у настаўнікаў асаблівых няма і законаў, якія б маглі абараніць, няма. Калі вучань неадэкватны, не кантралюе сябе, настаўнік бяссільны. Настаўнік не мае права нічога зрабіць. Вучня нельга пакараць, нельга пальцам дакрануцца, а вучань можа рабіць што заўгодна.

Некаторыя могуць паслаць матам або інакш зняважыць. У мяне гэтак здаралася не аднойчы. Настаўнік можа напісаць ліст у аддзел адукацыі, пайсці да дырэктара, але што той зробіць? Ён выклікае на размову, але ж гэта не дае ніякай гарантыі, ад таго што заўтра табе ізноў пачнуць пагражаць.

Былі выпадкі, калі ў малодшых вымагалі грошы, білі насы і гэтак далей. Але часцей за ўсё, калі канфлікт паміж вучням і настаўнікам, напрыклад, часцей за ўсё з настаўнікамі-мужчынамі фізкультуры і працы. На тое, што яны вядуць сябе задзірліва, не звяртаюць увагі. У выніку настаўніка хутчэй перавядуць у іншую школу – ідуць на саступкі вучням, што і прыводзіць да такіх сітуацый. Абсалютна неадэкватных вучняў адзінкі, але яны ёсць.

Алена, настаўніца гісторыі і грамадазнаўства ў Светлагорску:

Я прапрацавала ў школе 25 гадоў. Мне шчасціла, былі добрыя і бацькі і вучні. Але часта чула гісторыі, што настаўнікам ставілі на від, што яны абражалі вучняў.

На апошнім месцы працы, дзе мне не працягнулі кантракт, дырэктар заўсёды займала пазіцыю – ці мае настаўнік рацыю ці не мае – заўсёды вінаваты настаўнік. Яна нават не спрабавала разбірацца. Часта чула пра сітуацыі, калі вучні займаліся шантажом, што яны пойдуць паскардзяцца. І бацькі часам прыходзілі скардзіцца.

ДР/МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў