Польшча можа дапамагчы з нафтай. Ці Лукашэнку гэта цікава?


Каб у Беларусь з Польшчы пайшлі камерцыйныя, рэгулярныя пастаўкі нафты – трэба будаваць інфраструктуру. На гэта няма афіцыйнай зацікаўленасці з беларускага боку. Менск павінен звярнуцца па такія пастаўкі. Ці Лукашэнка гатовы пайсці на такі крок, улічваючы магчымую рэакцыю Масквы? Інтэрв’ю з польскім экспертам па энергетыцы Войцехам Якубікам, рэдактарам парталу Biznesalert.pl

Ці дамовы паміж урадам Аляксандра Лукашэнкі і расейскім алігархам Гуцэрыевым азначаюць, што пытанні дыверсіфікацыі ды паставак нафты з Польшчы ўжо неактуальныя?

У нас ёсць часовая дамова, якая дазваляе пастаўляць нафту ў Беларусь у студзені. Гэта не тыя пастаўкі, якія на 100 % пакрыюць беларускія патрэбы. Каля паловы запатрабаванняў будуць забяспечаныя на падставе дамоваў з фірмамі Гуцэрыева. Трэба шукаць новыя крыніцы для беларускіх НПЗ, каб яны працавалі на 100 %. Не трэба спадзявацца, што гэтаю крыніцаю будзе польская сістэма адпраўкі нафты. Бо польскі аператар сістэмы паведаміў, што ў Польшчы дагэтуль няма тэхнічнай магчымасці адпраўкі нафты рэверсам з Польшчы ў Беларусь. Каб гэта зрабіць, трэба падпісаць дамову і разбудаваць інфраструктуру. Невядома, ці Лукашэнка рашыўся б на такі адважны крок супраць інтарэсаў Масквы.

Будзем памятаць, што Польшча ратавала Беларусь тады, калі з Расеі ў Беларусь год таму трапіла брудная нафта.

Польшча можа ў пэўнай меры дапамагаць Беларусі, але, каб з Польшчы ў Беларусь ішлі рэгулярныя камерцыйныя пастаўкі, трэба будаваць інфраструктуру. З таго, што мы ведаем, чуем ад польскага нафтавага аператара, з афіцыйнага беларускага боку ў гэтым няма зацікаўленасці.

ВІДЭА
Нафтавы эмірат Лукашэнкі закончыўся
2020.01.11 13:39

Мы чулі з Літвы, што яна і Латвія гатовыя падтрымаць пастаўкі нафты ў Беларусь. Ці гэты, балтыйскі, кірунак актуальны?

Думаю, што і польскі, і літоўскі кірункі ў гэтым пытанні магчымыя, але мячык на беларускім баку поля. Беларускі ўрад павінен звярнуцца па такія пастаўкі. У гісторыі дачыненняў Беларусі і Расеі былі падобныя да гэтай спрэчкі. І было шмат сігналаў пра дастаўку нафты з Венесуэлы, з Казахстану, іншых краінаў. Мы размаўляем пра Польшчу. Час для канкрэтыкі. Безумоўна, Беларусь мае пад уласным кантролем сетку нафтаправадоў і два НПЗ у Мазыры ды Наваполацку. І гэта пэўны аргумент.

Сапраўды, Лукашэнка можа выкарыстаць гэты аргумент, але мы не ведаем, ці ён гатовы яго выкарыстаць, бо гэта быў бы вельмі моцны негатыўны сігнал у кірунку Масквы, з якой яму ўсё роўна прыйдзецца дамовіцца.

Цяпер Польшча дзейнічае ў тым кірунку, каб дыверсіфікаваць пастаўкі нафты на сваю тэрыторыю. Гэта, пэўна, адзіная магчымасць, каб палітычна быць незалежнымі ад Расеі. Ці не прыйшоў час і для Беларусі, каб урэшце гэта зразумець? І, не зважаючы на ўсе гэтыя ціскі з боку Крамля, пачаць нешта рабіць, а не толькі сядзець на расейскай ігле?

Доўгая гісторыя нафтавых спрэчак паміж Беларуссю і Расеяй паказвае, што залежнасць ад расейскай сыравіны, ад пасярэдніцтва ў пастаўцы расейскай нафты ў Еўразвяз шкодзіць Беларусі. Бо такім чынам Расея атрымлівае палітычныя ўплывы ў Беларусі. Адна справа – размова пра пастаўкі нафты і газу, а іншая справа – гэта размова пра глыбокую інтэграцыю паміж Беларуссю і Расеяй, якая б скончылася змяншэннем незалежнасці Менску ад Масквы. Гэтая залежнасць і так высокая, але яна яшчэ можа павялічыцца. Таму гэта аргумент, каб шукаць нафту ў іншых месцах, каб шукаць нафту, напрыклад, праз Літву і праз Польшчу, з Саудаўскай Аравіі. Гэта ўжо было б нешта. Невядома, ці беларускія ўлады вырашацца на гэта. На гэта сёння няма сігналаў.

То бок Польшча і Літва – гэта найбольш рэальныя кірункі, якія маглі б нас падтрымаць?

Тэарэтычна магла б яшчэ Украіна, якая мае свой нафтапорт пад Адэсай. І можна таксама з розных кірункаў. Важна мець доступ да рынку нафты ў еўрапейскім рынку нафты. Напрыклад, Польшча мае свабодны доступ праз нафтапорт да нафтаправодаў, да пастаўнікоў з усяго свету. Не трэба баяцца расейскага ўплыву. Калі нешта будзе не так, як у выпадку бруднай нафты вясною 2019 года, можна атрымаць нафту з іншых кірункаў. Крызіс бруднай нафты з Расеі паказаў, што незалежнасць ад аднаго пастаўніка сапраўды выгадная.

Экспарт прадуктаў беларускіх НПЗ – гэта вельмі вялікая частка беларускага бюджэту, каля 25 % беларускага экспарту. Цяпер, калі беларускія НПЗ працуюць напалову сваіх магчымасцяў, мы губляем шмат грошай бюджэту. Што гэта азначае?

Калі Расея – дзяржава, якая залежыць ад продажу нафты, то Беларусь – гэта дзяржава, якая ў другасным сэнсе залежыць ад продажу нафты. Беларусь можа ствараць прадукты нафтавай прамысловасці высокай якасці, але эканоміка Беларусі вельмі залежыць ад паставак расейскай нафты. Гэта ўплывае на эканамічнае развіццё краіны.

Трэба зменшыць залежнасць ад расейскага нафтавага сектару, трэба мадэрнізаваць краіну. Лукашэнка ў электрамабілі – гэта добрая прыгожая карцінка, але патрэбныя канкрэтныя рашэнні, якія зменшаць залежнасць ад аднаго пастаўніка нафты.

У найбольш вострым моманце крызісу і беларуска-расейскай спрэчкі пра дастаўку нафты ў Беларусь Аляксандр Лукашэнка сказаў сваім чыноўнікам: «Шукайце нафту». І сёння я даведалася, што ў Гомельскай вобласці знайшлі невялікі запас нафты – каля 800 тысяч тонаў. Гэта смешна ці сапраўды варта выкарыстоўваць такія невялікія крокі, каб паказаць, што мы здольныя на нешта?

Безумоўна, трэба здабываць як найбольш уласнай сыравіны, каб быць незалежнымі. Але ў больш доўгай перспектыве Беларусь патрабуе нафты з-за мяжы. Так, як і Польшча, якая не мае ўласных запасаў нафты, найлепей іх атрымліваць з розных кірункаў, каб адзін дамінантавы пастаўнік не мог спекуляваць на сваёй пазіцыі.

Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 10.01.2020

Іншыя тэмы выдання:

 

 

Стужка навінаў