З 2020 года падтрыманне апазіцыі з боку Захаду значна ўзрасло. Што цалкам лагічна: дэмакратычныя сілы робяць важную справу, дый поспехі ў барацьбе з рэжымам у іх сапраўды ёсць. Каб праца не спынялася, за чатыры гады Брусель вылучыў 170 мільёнаў еўраў. Урад ЗША таксама зрабіў істотны ўнёсак – яшчэ 140 мільёнаў, ужо долараў. Агулам выходзіць не менш за 306 мільёнаў долараў.
Куды ж пайшлі гэтыя грошы?
Як заходнія донары вызначаюць, якую суму скіраваць беларускім арганізацыям, і чаму, калі справа датычыць грантаў, еднасці ў аб‘яднанай апазіцыі ўжо значна меней? Вернемся на некалькі тыдняў назад…У канцы года ў публічнай прасторы разгарэлася дыскусія паміж Паўлам Латушкам і Андрэем Ягоравым. Спрэчка датычыла размеркавання 30 мільёнаў еўраў, дадаткова выдаткаваных Еўразвязам.
«Ёсць прыярытэтныя кірункі. І раней за гэта адказваў Андрэй Ягораў, ягоная група. Вось гэты год мы едзем па шаблонах Ягорава. Ён гэтую тэму вёў, ён быў лідарам. Так склалася. Калісьці гэта было рашэнне Офісу. Еўразвязу гэта падабалася», – кажа прадстаўнік Аб‘яднанага пераходнага кабінету, кіраўнік НАУ Павел Латушка.
З гэтага можна было зразумець, што нібыта адная асоба пастанаўляла, колькі сродкаў на які кірунак выдаткаваць. Гэтак, паводле лідара НАУ, з лёгкай рукі Андрэя Ягорава на падтрыманне рэлакаванага бізнесу скіравалі ледзь не траціну ад новай грантавай сумы – у час, калі «бракавала сродкаў на палітвязняў».
,,«Дзесьці ў Беластоку да мяне падышоў былы палітзняволены і проста ў вочы запытаўся: “Павел Латушка, і перадайце Светлане Ціханоўскай – а дзе сродкі на падтрымку палітзняволенных? І, ведаеце, я быў шакаваны», – кажа Павел Латушка.
Журналісты «Белсату» атрымалі расклад леташніх пасяджэнняў у Бруселі. На сустрэчах разглядалі фінансаванне беларускага незалежнага руху. Гэтак, спадар Ягораў нібыта сабраў і падаў звесткі, на падставе якіх Еўракамісія і пастанавіла вылучыць грашовую дапамогу. Некаторыя героі гэтай гісторыі катэгарычна зняпраўджваюць частку дакументаў.
«Хто б ні прэзентаваў гэта, у гэтым годзе гэта быў не я. Я быў у Злучаных Штатах у гэты час», – кажа палітык Андрэй Ягораў.
«Гэтае мерапрыемтсва праходзіла ў іншую дату, і Андрэй Ягораў не змог прысутнічаць на ім. Ён папрасіў мяне, каб я выступіў з кароткім прадстаўленнем гэтага дакументу», – апавядае кіраўнік Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва Валер Кавалеўскі.

Ягорава ў Бруселі не было, а вось ацэна патрэбаў – Needs assessment, лічы, бюджэт незалежнай Беларусі на 2024-ы – 2026 гады – у бельгійскай сталіцы сапраўды разглядалі. На сустрэчы прысутнічалі прадстаўнікі Офісу Святланы Ціханоўскай, Аб‘яднанага пераходнага кабінету і Каардынацыйнай рады. Дакумент называе шэраг канкрэтных лічбаў. Гэтак, на развіццё бізнесу дэмакратычныя сілы меліся запрасіць на 9,5 мільёна еўраў больш, чымся на абарону правоў чалавека, і на 33 мільёны больш, чымся на культуру.
«Мне баліць, што купалаўцы, як і іншыя артысты, вымушаны працаваць у таксі. Калі блогеры звяртаюцца і пытаюцца, што…і яны прыходзяць да мяне, як да палітыка, а я на гэта не маю ўплыву. Я скажу шчыра: я і не хачу імець на гэта ўплыў», – кажа лідар НАУ Павел Латушка.
У даступных нам дакументах бачым толькі абгрунтаванне патрэбаў. На што канкрэтна ідуць гэтыя мільёны. Скажам, з дзясяткаў мільёнаў, вылучаных на пазіцыю «правы чалавека», колькі прадугледжана на падтрыманне палітычных вязняў – невядома.
,,«Часцей за ўсё рэалізатарамі гэтых праграграмаў падтрымання ёсць не беларускія, а замежныя, міжнародныя НДА, вядомыя партнёрствам з беларускімі ініцыятывамі. Яны, як правіла, выйграюць гэтыя конкурсы з Еўракамісіі, а потым рэалізуюць праграмы непасрэдна з беларусамі», – тлумачыць галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.
Частка грантавых грошай асядзе ў самых еўрабюракратаў: у якасці заробкаў і тэхнічных выдаткаў. Значны адсотак пойдзе на сплату падаткаў – да траціны ад сумы дапамогі. І толькі тое, што застанецца, апынецца на рахунках беларускіх арганізацыяў.
Зрэшты, ні Ягораў, ні Латушка паўплываць на лічбы, указаныя ў ацэне патрэбаў, ды іх далейшае размеркаванне ня могуць. Уся еўрапейская дапамога – пытанне палітычнае волі. Пастанову выдаткаваць сродкі прымаюць заходнія палітыкі. Каб разумець агульныя патрэбы беларускага грамадства сектару ў выгнанні, яны запытваюць усё тую ж ацэну, або размеркаванне патрэбаў – Needs assessment. Дзеля гэтага беларускія палітыкі ідуць да прадстаўнікоў галінаў, якія запытваюць дапамогу.
«Мы маем сектар праваабарончых арганізацыяў і ініцыятываў. Там працуюць "Вясна", Беларускі Хельсенскі камітэт, нейкія ініцыятывы падтрымання палітычных вязняў. Яны збіраюцца разам, абмяркоўваюць змест патрэбаў і агульны аб‘ём сродкаў. Потым перадаюць мне гэты дакумент», – тлумачыць Андрэй Ягораў.
Гэтак, лічба, агучаная прадстаўнікамі праваабарончага сектару, медыямі ды бізнесоўцамі, трапляе ў выніковы дакумент. «Я метадычны і тэхнічны каардынатар гэтага працэсу. То бок я прапанаваў агульную структуру каардынацыі і кансультацыяў у справе ацэны патрэбаў. Не я вызначаю ні зместу гэтага дакументу, ні патрэбы, ні мэты, ні планаў гэтых групаў, ні аб‘ёму сродкаў. Я проста тэхнічна зводжу іх у агульны дакумент», – кажа Ягораў.
Прадстаўнікі Еўракамісіі разглядаюць яго і пастанаўляюць, колькі сродкаў варта скіраваць кожнай з галінаў. Грошы ж спускаюць на рахункі мясцовых фондаў. Гэтак, знаным донарам ад Швецыі ёсць «Sida», ад Нямеччыны – «Fes» і гэтак далей. Фонды пералічваюць сродкі беларускім грамадзянскім ініцыятывам наўпрост. Праз рахункі ОСЦ, КР ці Кабінету яны не праходзяць.
«Дэмсілы на гэта ўплываць не могуць. Цяпер замежная дапамога ў асноўным ідзе праваабаронцам, а праз праваабаронцаў – рэпрэсаваным і беларускім медыям. Гэта абсалютная бальшыня замежнай дапамогі», – кажа Франак Вячорка.
Гэтак, з 49-ці, што запытвалі дэмакратычныя сілы на бізнес, 30 скіруюць на стварэнне стабілізацыйнага фонду.
«Гэта значыць, што пэўныя банкі пагодзяцца выдаваць крэдыты беларускім бізнесам, калі яны будуць ведаць, што побач будуць гарантыйныя грошы – як сродак, як механізм, каб яны маглі выдаць гэтыя крэдыты. Калі штосьці не атрымаецца, яны змогуць атрымаць гэтую кампінсацыю з фонду. Так працуюць многія фонды», – кажа Валер Кавалеўскі.
Гэтак, у сухім астатку на развіццё прадпрымальніцкага кола за мяжою застаюцца 19,5 мільёна. Пра гэта, калі пачынаў спрачацца пра няроўнасць размеркавання запытаў, добра ведаў і Павел Латушка, мяркуе Валер Кавалеўскі, былы калега лідара НАУ з Кабінету:
«У яго была магчымасць браць удзел, ведаць, атрымліваць інфармацыю. Прысутнічаць і браць удзел нават у абмеркаванні самаго дакументу ўжо ў гатовым выглядзе. Дзіўна для мяне тое, што Латушка ставіць такія пытанні ва ўмовах, калі арганізацыя, якую ён стварыў, якой ён кіруе, вельмі добра забяспечаная фінансава. Гэта даволі ўстойлівая і трывалая арганізацыя, дзе працуе шмат людзей. Але мы вельмі мала ведаем пра тое, як фінансуецца НАУ».
Калі верыць нашым спікерам і наяўным дакументам, сітуацыя выглядае такім чынам. Лідар НАУ размяркоўваць падтрыманне не хоча, а ягоная арганізацыя пакуль не мае патрэбаў з забеспячэннем. У сваю чаргу Ягораў грантавых грошай у кішэню не кладзе і залішніх лічбаў у Needs assessment не дамалёўвае. Тады… гэта дыскусія двух альтруістаў?
,,«Мне падаецца важным выпрацаваць адкрыты падыход, калі мы ўсе будзем ведаць, як акрэсліваюцца гэтыя прыарытэты. Хто мог у гэтым прымаць удзел? На мой погляд, Каардынацыйная Рада як абраны орган разам з Аб‘яднаным пераходным кабінетам як выканаўчым органам», – кажа Павел Латушка.
Пасаду намесніка Святланы Ціханоўскай у Кабінеце і кіраванне НАУ Паўлу Латушку ўдаецца сумяшчаць з лідарствам у фракцыі Каардынацыйнай рады з найбольшаю колькасцю мандатаў. Андрэй Ягораў, чыя фракцыя саступіла ў выбарах у КР, перакананы: рэч у палітычных амбіцыях.
«Гэта прысвоеная этыка паводзінаў дзяржаўнай сістэмы Беларусі, у якой Павел Латушка правёў значную колькасць свайго часу. І часам падаецца, што для яго любыя сродкі для дэскрэдытацыі нармальныя. У тым ліку і дэзынфармацыя – хлусня, якая выкладаецца ў медыі. Адчуванне, калі б была магчымасць даслаць АМАП, то АМАП ужо быў у мяне, у маёй кватэры», – кажа Андрэй Ягораў.
На гэтай ноце ўсе ўдзельнікі спрэчкі пагаджаюцца: публічныя сваркі пра грошы – справа шкодная. Маўляў, брак еднасці дыскрэдытуе падтрыманне для дэмакратычных памкненняў Беларусі.
Каб зразумець, як размяркоўваюцца грантавыя сродкі, мы звярнуліся да заходніх донараў, а таксама – да арганізацыяў, што атрымліваюць дапамогу. Мы апавядзём, як замежнікі пастанаўляюць, з кім будуць працаваць і, урэшце, як беларускія ініцыятывы змагаюцца між сабою за рэсурсы.
Кацярына Гардзеева belsat.eu