Польская пракуратура папрасіла прызнаць несапраўдным пашпарт Томаша Шмыта – польскага суддзі, які ўцёк у Беларусь і далучыўся да беларускіх прапагандыстаў.
Як піша «Gazeta Wyborcza», Нацыянальная пракуратура звярнулася да мазавецкага ваяводы з просьбаю прызнаць пашпарт Томаша Шмыта несапраўдным.
«Згодна з законам, ваявода можа прызнаць несапраўдным пашпарт любога грамадзяніна на патрабаванне суда, што вядзе крымінальную справу, або пракурора, які вядзе расследаванне. Патрабаванне не патрабуе абгрунтавання», – піша выданне.
Управа Мазавецкага ваяводства адмовілася даць інфармацыю наконт Шмыта, але журналісты здолелі пацвердзіць, «што рашэнне ўжо прынятае».
Нагадаем, 6 траўня сталася вядома, што польскі суддзя Шмыт перабывае ў Менску і просіць палітычнага прытулку ў Беларусі. У Польшчы ён быў замяшаны ў скандале з ціскам на суддзяў, якія выступалі супраць судовай рэформы. Гэтым уцекачом актыўна карыстаюцца лукашэнкаўскія прапагандысты ды, імаверна, спецслужбы.
Шмыт заяўляў, што ўцёк праз нязгоду з палітыкаю польскіх уладаў і пагрозу фабрыкавання супраць яго справы за шпіянаж. Польскія ўлады, паводле яго, пад уплывам Злучаных Штатаў і Вялікай Брытаніі вядуць у дачыненні Беларусі і Расеі «несправядлівую і абразлівую» палітыку ды нібыта могуць такім чынам уцягнуць Польшчу ў вайну ва Украіне.
7 траўня прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў, што Шмыт меў доступ да сакрэтных дакументаў і да Міністэрства юстыцыі, а значыць, і для беларускіх спецслужбаў яны былі дасяжныя. У Польшчы былы суддзя абвешчаны ў вышук, на ягоны арышт выдадзены еўрапейскі ордар.
У канцы верасня Шмыт апублікаваў у сацсетцы Х допіс пра тое, што «гэтыя ідыёты з Беларусі ніколі гэтага не зразумеюць», і нават развітаўся з чытачамі. Ён напісаў, што яго «могуць забіць», што яму «пляваць на дамоўленасці» і што ён усё яшчэ можа «разбурыць гэтую дзяржаву» ды «цяпер ім проста хана».
Шмат хто з гэтай нагоды пачаў згадваць памерлага Эміля Чэчку, які праходзіў вайсковую службу ў Польшчы, ахоўваў польска-беларускую мяжу, але атрымаў шэсць месяцаў зняволення за збіццё маці і ўцёк у Беларусь. Там ён пачаў распавядаць дзяржаўнай прапагандзе страшныя гісторыі пра Польшчу, напрыклад, пра тое, як яго прымушалі забіваць мігрантаў. 17 сакавіка 2022 года Следчы камітэт Беларусі паведаміў, што Чэчку знайшлі павешаным у Менску.
Якуб Хруст belsat.eu