На былога польскага суддзю Томаша Шмыта выдадзены еўрапейскі ордар на арышт
10.06.2024, 15:46
Уцеклы польскі суддзя Томаш Шмыт у Менску, Беларусь. 14 траўня 2024 года. (Фота: Tomasz Szmydt / Telegram)
podpis źródła zdjęcia
Такое рашэнне вынес акруговы суд Варшавы.
Акруговы суд Варшавы выдаў еўрапейскі ордар на арышт Томаша Шмыта, якога падазраюць у шпіянажы ў Польшчы, піша PAP са спасылкай на нацыянальную пракуратуру Польшчы.
Уцеклы польскі суддзя Томаш Шмыт у Менску, Беларусь. 14 траўня 2024 года. (Фота: Tomasz Szmydt / Telegram)
Томаш Шмыт 6 траўня на прэс-канферэнцыі ў Менску заявіў, што просіць палітычнага прытулку ў Беларусі, паколькі пераследуецца па палітычных матывах у Польшчы.
Шмыт і яго жонка замяшаныя ў скандале, які звязаны з ціскам на суддзяў, якія выступалі супраць судовай рэформы ў Польшчы.
Томаш Шмыт быў суддзёй, які займаўся «таемнымі справамі», да якіх доступ маюць толькі прадстаўнікі спецслужбаў і суддзі.
Пасля таго, як у Беларусі Шмыт стаў здымацца ў прапагандысцкіх сюжэтах расейскага і беларускага тэлебачання, Польшча прызнала, што ён такім чынам наносіць шкоду польскай дзяржаве і ўдзельнічае ў гібрыднай вайне супраць яе.
Таксама Шмыт напісаў заяву ў Генпракуратуру Польшчы і Нацыянальнага пракурора Польшчы з просьбай распачаць крымінальную справу супраць кіраўніка польскага МЗС Радаслава Сікорскага.
«Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі ў польскіх СМІ не раз называў мяне здраднікам. Я не здраднік, няма такога артыкула, мяне не асудзілі за здраду. Афіцыйная асоба, такая, як міністр, не мае права выказваць без суда і следства такое меркаванне. І такія ўчынкі ў адпаведнасці з польскім законам падлягаюць пакаранню», – заявіў Томаш Шміт.
Раней Інтэрпол адмовіўся прысвойваць Томашу Шміту «чырвоную картку» вышуку, паколькі арганізацыя не дазваляе апрацоўваць па сваіх каналах дадзеныя аб дзеяннях супраць бяспекі дзяржавы, якія з’яўляюцца палітычнымі злачынствамі.