навіны

Томаш Шмыт, які паведаміў пра пагрозу жыццю, выдаліў свой твіт

Томаш Шмыт
Томаш Шмыт. Фота: x.com/Szmydt_Tomasz
podpis źródła zdjęcia

Былы суддзя з Польшчы Томаш Шмыт, які перайшоў на бок беларускага рэжыму і падазраецца ў шпіянажы, з учорашняга вечара пачаў пісаць у сацсетках недарэчныя паведамленні, у якіх абвінаваціў кагосьці ў непаразуменнях, развітаўся і напісаў, што яму пагражае смяротная небяспека. У сваёй большасці карыстальнікі X, якія пракаментавалі пост, не пашкадавалі яго, а пачалі актыўна ўзгадваць нябожчыка Чэчку, прасілі перадаць яму вітанкі на тым свете і абвінавачвалі ў здрадзе і п’янстве.

Пачалося ўсё з твіту «Люблю іх», да якога Шмыт далучыў песню нямецкага метал-гурту «Erdling» «Mein Element». А пасля з’явіўся ну зусім нечаканы допіс па-польску, што перакладаецца як «гэтыя ідыёты з Беларусі ніколі гэтага не зразумеюць. Цяпер я развітваюся з Таўмі» (хутчэй за ўсё апошнім на ўвазе мелася слова «вамі»).

Як толькі чытачы пачалі падазраваць, што Шмыт нецвярозы, той увогуле выдаў паведамленне пра тое, што яго «могуць забіць», што яму «пляваць на дамоўленасці» і што ён усё яшчэ можа «разбурыць гэтую дзяржаву» і «цяпер ім проста хана».

Каментатары на гэты твіт прыйшлі з розных краінаў. Хтосьці пісаў, што менавіта такі канец чакае ўсіх здраднікаў, хтосьці нават падбухторваў застрэліцца, шмат хто пачаў узгадваць пра памерлага Эміля Чэчку, якому Шмыта прасілі перадаць вітанкі на тым свеце…

Што гэта дакладна было, ніхто так і не даведаўся. Бо зранку ўсе паведамленні былі выдаленыя.

Нагадаем, 6 траўня сталася вядома, што польскі суддзя Томаш Шмыт перабывае ў Менску і просіць палітычнага прытулку ў Беларусі. У Польшчы ён быў замяшаны ў скандале з ціскам на суддзяў, якія выступалі супраць судовай рэформы. Гэтым уцекачом актыўна карыстаецца лукашэнкаўская прапаганда ды, імаверна, спецслужбы.

Шмыт заяўляў, што ўцёк праз нязгоду з палітыкаю польскіх уладаў і пагрозу фабрыкавання супраць яго справы за шпіянаж. Польскія ўлады, паводле яго, вядуць «несправядлівую і абразлівую» палітыку супраць Беларусі і Расеі пад уплывам Злучаных Штатаў і Вялікай Брытаніі ды нібыта могуць такім чынам уцягнуць Польшчу ў вайну ва Украіне.

7 траўня прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў, што Шмыт меў доступ да сакрэтных дакументаў і да Міністэрства юстыцыі, а значыць, і для беларускіх спецслужбаў яны былі дасяжныя.

Што датычыць Эміля Чэчкі, то ён праходзіў вайсковую службу ў Польшчы, ахоўваў польска-беларускую мяжу, атрымаў шэсць месяцаў зняволення за збіццё маці, уцёк у Беларусь і пачаў распавядаць дзяржаўнай прапагандзе страшныя гісторыі пра Польшчу, напрыклад, пра тое, як яго прымушалі забіваць мігрантаў.

17 сакавіка 2022 года Следчы камітэт Беларусі паведаміў, што Чэчку знайшлі павешаным у Менску. Прапаганда працягнула карыстацца ім і пасля смерці: гэтак, на мяжы з Польшчаю паставілі білборд з партрэтам Чэчкі і словамі «Я маю чыстае сумленне, а ты?». А ў жніўні 2023 года ў Горадні далі ягонае імя вуліцы, на якой месціцца Генеральнае консульства Польшчы.

Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10