Міністэрства абароны Беларусі паведаміла, што 30 верасня пачынаецца чарговы этап правярання злучэнняў і вайсковых частак Узброеных сілаў пад кіраўніцтвам начальніка Генеральнага штабу.
У заяве Мінабароны зазначаецца, што асноўны акцэнт правярання будзе зроблены на гатовасці і здольнасці падраздзяленняў ВПС і войскаў СПА выконваць задачы паводле прызначэння.
У абаронным ведамстве кажуць, што праверачныя мерапрыемствы будуць планава нарошчвацца з выкарыстаннем усіх армейскіх палігонаў. Асабоваму складу трэба будзе выканаць увесь комплекс мерапрыемстваў для рыхтавання зброі, вайсковай і спецыяльнай тэхнікі да выкарыстання і выйсці ў прызначаныя раёны.
Падчас правярання з запасу будуць прыцягнутыя ваеннаабавязаныя. У якой колькасці – не паведамляецца.
У Мінабароны таксама папярэджваюць, што падчас правярання, магчыма, будуць уводзіцца часовыя абмежаванні руху цывільнага транспарту на дарогах агульнага карыстання і некаторых участках мясцовасці.
Нагадаем, у апошнія некалькі гадоў вучэнні, правяранні і трэнаванні Узброеных сілаў Беларусі набылі фактычна перманентны характар.
Глеб Нержын belsat.eu