Нямецкі бізнесмен і дэпутат ад партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны» Ёрг Дорнаў заключыў пагадненне з лідскім ЦІПам і рэгулярна прыцягваў беларусаў, асуджаных па палітычных артыкулах, для працы на сваёй плантацыі цыбулі пад Лідай, піша Reform.news.
Нямецкі палітык асабіста правяраў працу палітзняволеных і плаціў ім каля 5 еўраў у дзень. Журналісты Reform.news пагутарылі з адным з вязняў, які трапіў на ТАА «Цыбулька-Бел» з ЦІПу
Андрэй быў затрыманы на 15 содняў за лайк у сацсетках у лютым 2024 года. Пра ўмовы працы ў нямецкага дэпутата распавёў наступнае:
,,«Нас завезлі ў сховішча. Люты, падвал, вопратка як у каго. Таму рукі і ногі мерзлі. Сняданак у 7:00 гадзін раніцы. Працавалі да 18:00 без ежы і піцця. Цыбуля смачная».
Штодня з вязнямі падпісвалі згоду на працу. Калі брыгадзір палічыў, што затрыманы працуе добра, то яму налічваўся заробак. Лідскаму ЦІП плацілі 30 рублёў, затрыманым — каля 20. Цыбулю перабіралі для гандлёвай сеткі «Еўраопт», распавядае Андрэй.
Гаспадара прадпрыемства палітвязень апісваў так:
,,«Высокі, лысы чалавек. Прыехаў адзін раз на сваёй машыне з нямецкай рэгістрацыяй. Заходзіў у сховішча, дзе мы перабіралі цыбулю разам з нанятымі працаўнікамі».
Калі журналісты паказалі Андрэю фотаздымак Ёрга Дорнаў, той сказаў, што падобны.
Ёргу Дорнаў 53 гады. У 2016 годзе ён далучыўся да ультраправай партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны», быў сябрам экстрэмісцкай радыкальнай фракцыі партыі «Крыло». З 2019 года – сябра саксонскага парламнту, прадстаўляе парламенцкую групу сваёй партыі па сельскагаспадарчай палітыцы.
Нядаўна высветлілася, што Дорнаў валодае сельскагаспадарчым прадпрыемствам ТАА «Цыбулька-Бел» у Беларусі, якое вырошчвае цыбулю і іншую гародніну ў Лідскім раёне.
Дэпутатам, паводле нямецкіх законаў, забаронена весці прадпрымальніцкую дзейнасць. Дорнаў не распавёў пра свой бізнес у Беларусі, за што ў жніўні 2024 года саксонскі парламент аштрафаваў яго на 20 862 еўра.
ТАА «Цыбулька-Бел» было зарэгістраванае ў кастрычніку 2020 года ў вёсцы Гуды Лідскага раёну Гарадзенскай вобласці. Рашэннямі Лідскага райвыканкаму з земляў саўгасу «Лідскі» паэтапна ў сталае карыстанне прадпрымству нямецкага дэпутата былі перададзеныя ўчасткі агульнай плошчай 1555,4 га.
У 2021 годзе «Лідская газета» пісала, што на «Цыбулька-Бел» будуць створаныя 45 новых працоўных месцаў.
Весці бізнес Дорнаў дапамагае прадпрымальнік з сумніўнай рэпутацыяй Юрый Куніцкі. Ён жыве ў Нямеччыне і нямецкія СМІ пісалі пра яго наступнае:
«Шмат гадоў працуе на расейскі і беларускі прапагандысцкі апарат, у крэдытных справаздах гаворыцца: «Дзелавыя зносіны не рэкамендуюцца».
Куніцкаму належаць 50% акцыяў «Цыбулькі-Бел». Са снежня 2020 года па лістапад 2023 года ён быў дырэктарам прадпрыемствам, потым гэтую пасаду заняў сам Дорнаў.
Марыя Міхалевіч belsat.eu