навіны

TON для Паўла Дурава ці не важней за Telegram. Што гэта такое і як на гэтым зарабляюць

Малюнак з дакументацыі «The Open Network» або TON
Малюнак з дакументацыі «The Open Network». Выява: Ton.org
podpis źródła zdjęcia

Павел Дураў цяпер вядомы перадусім як заснавальнік Telegram. Але ягоны праект TON, з якім Дураў цяпер нават фармальна не звязаны, можа стаць для яго як нечым значна большым за Telegram, так і прынесці яшчэ большыя праблемы.

Заснавальнік Telegram Павел Дураў быў затрыманы ў Францыі 24 жніўня, а 28-га вызвалены пад заклад і пад судовы нагляд. Яго вінавацяць паводле шасці пунктаў, у тым ліку ў «саўдзеле ў адміністраванні онлайн-платформы, якая дазваляе незаконныя транзакцыі» і ў «адмове прадставіць на запыт упаўнаважаных органаў інфармацыю і дакументы, неабходныя для правядзення праслухоўвання». Абвінавачванні звязаныя з мэсэнджэрам Telegram, але ўскосна звязаныя яшчэ і з праектам TON, інтэграваным у Telegram.


Што такое TON: блокчэйн, але не толькі крыптавалюты

Павел Дураў, Ірына Балгар і трое іх дзяцей у 2020 годзе. Фота: Missbolgar / Instagram.com 

Асабістае жыццё Паўла Дурава: мінімум пяць прызнаных дзяцей і сотні тысяч еўра аліментаў у месяц

Шуфлядка

Літарамі TON могуць называць дзве звязаныя між сабой рэчы: дэцэнтралізаваную блокчэйн-сетку «The Open Network» і «родную» крыптавалюту гэтай сеткі «Toncoin» (скарочана – TON).


Над сеткай, якая пачаткова мела назву «Telegram Open Network», у 2017 годзе пачаў працаваць Мікалай Дураў (на якога Францыя таксама выдала ордар на арышт, як і на ягонага брата Паўла). Самой ідэі, з якой вырас блокчэйн, на той момант было ўжо 35 гадоў, а сістэме «Bitcoin» ужо 9 гадоў. 


У TON асноўная ідэя тая, што і ў «Bitcoin»: лічбавыя звесткі запісваюцца ў блок, блокі злучаюцца ў ланцужок, камп’ютары дэцэнтралізаванай сеткі маюць копіі ланцужка блокаў, а каб фальсіфікаваць блок, трэба фальсіфікаваць і ўсе папярэднія, што заўважаць іншыя ўдзельнікі сеткі. Але «Telegram Open Network» мела тры асаблівасці, якія ў суме моцна адрознівалі яе ад іншых блокчэйн-сетак.


1. «Telegram Open Network» стваралася не толькі пад крыптавалюты, але і для смарт-кантрактаў, і для дэцэнтралізаваных праграмаў. У TON можна будаваць сайты ў ананімнай сетцы, можна захоўваць файлы, можна ствараць простыя відэагульні, і гэтак далей – нават сэрвіс знаёмстваў. Спачатку нават меркавалася, што на гэтым блокчэйне мае запрацаваць сам Telegram.


2. TON па-іншаму будуе ланцужок блокаў: архітэктура дазваляе праводзіць значна больш аперацыяў за значна меншыя адрэзкі часу, у выніку выходзіць у сотні разоў хутчэй за той жа «Bitcoin». Тэхнічныя падрабязнасці можна пачытаць тут па-англійску (PDF). Але галоўнае – TON ужо змагаецца за званне найхутчэйшага блокчэйну паводле аперацыяў на секунду. І робіць гэта без патрэбы ў горах відэакартак для вылічэнняў, не спажывае электраэнергію, як цэлая Аргентына.


3. Telegram мае вялізную аўдыторыю: звыш 950 млн карыстальнікаў, актыўных прынамсі раз на месяц. Гэта прыблізна на траціну больш за агульную колькасць крыптагаманцоў усіх крыптавалютаў (дакладная колькасць крыптагаманцоў невядомая, але ацэньваецца ў 617 млн на чэрвень 2024 года). Калі ўлічваць, што адзін чалавек можа мець больш за адзін крыптагаманец, дык колькасць карыстальнікаў Telegram у разы большая за колькасць карыстальнікаў крыптавалютаў. 


Трэці пункт можа быць найважнейшым. Як адзначае часопіс «Fortune», іншыя папулярныя блокчэйны, як то «Ethereum» ці «Solana», могуць мець больш прасунутыя тэхналогіі, але яны не маюць «мэйнстрымавых» карыстальнікаў. А глыбокая інтэграцыя TON у Telegram можа значна пашырыць карыстанне крыптавалютамі. 


Больш за тое, Telegram з глыбока інтэграванай сеткай TON можа ператварыцца ў «everything app» – «праграму для ўсяго», аб якой марыць Ілан Маск, раней марыў Марк Цукербэрг, і якой у Кітаі з ягоным закрытым ад вонкавага свету інтэрнэтам ужо стаў мэсэнджэр WeChat.


Колькі грошай TON прыносіць Дураву

Архіўнае фота. Павел Дураў ва Узбекістане. 30 чэрвеня 2024 года. Фота: Du Rove's Channel / Telegram

«Вечнае змаганне бяспекі і свабоды». Эксперт у лічбавай бяспецы пра затрыманне Дурава

навіны

Гісторыя «Telegram Open Network» перарвалася, не паспеўшы пачацца напоўніцу. На базе TON браты Дуравы збіраліся запусціць крыптавалюту «Gram», у 2018 годзе правялі так званую першасную прапанову токенаў (ICO – продаж «аблігацыяў», якія абяцалі абмяняць на адзінкі крыптавалюты, калі яна будзе запушчаная). Набралі аж 1,7 млрд долараў, ды гэтым насцярожылі Камісію па каштоўных паперах і біржах Злучаных Штатаў. Камісія звярнулася ў суд, Telegram пагадзіўся вярнуць інвестарам 1,2 млрд долараў.


У 2020 годзе Павел Дураў абвясціў аб закрыцці праекту TON і выклаў зыходны код у адкрыты доступ. Праект працягнуў жыць сваім жыццём. У адказ на адкрыты ліст адной з групаў энтузіястаў у 2021 годзе Дураў перадаў ім дамэн Ton.org і доступ да старонкі з зыходным кодам. Сетка TON стала звацца «The Open Network». У 2021 годзе TON запусціла сваю крыптавалюту: «Toncoin».


Праект цяпер юрыдычна не звязаны з братамі Дуравымі, а дзейнічае як некамерцыйная група «The Open Network Foundation». Поўны склад групы невядомы, а вядомыя толькі прэзідэнт і два чальцы рады, а таксама вядома, што ў ліку заснавальнікаў быў колішні дырэктар VK Андрэй Рагозаў. Павел Дураў падкрэсліваў, што не мае дачынення да групы, але падтрымліваў і хваліў яе, дазволіў інтэграцыю праектаў на TON у мэсэнджэр Telegram (у тым ліку плацяжы ў «Toncoin» праз спецыяльны Telegram-бот). Для Telegram летам 2024 года нават запусцілі сваю ўласную крыптавалюту, «Telegram Stars», якая працуе на TON, але з «Toncoin» наўпрост не звязаная. Акрамя таго, існуюць і іншыя крыптавалюты на TON, якімі можна гандляваць праз Telegram, найбуйнейшая альтэрнатыва – «Notcoin» (або NOT), першы токен (лічбавы актыў) на аснове TON, які размяшчаюць буйныя крыптабіржы за межамі Telegram.


Ды як стала вядома «Financial Times», карпарацыя «Telegram Group» мае асноўныя даходы дзякуючы якраз TON. У 2023 годзе мела 342,5 млн долараў даходаў (пры аперацыйных стратах у 108 млн), з гэтага 130 млн прыходзілася на «інтэграваны гаманец» (то бок праграму гандлю крыптавалютамі). Астатнія крыніцы даходаў такія: 94,1 млн з прэміяльных падпісак, 70,6 млн з рэкламы, 30 млн з прэміяльнага доступу да рэкламнай платформы і 17,8 млн з «продажу калекцыйных адзінак» (імёнаў карыстальнікаў і віртуальных нумароў тэлефонаў). Гэтыя крыніцы – не наўпроставы заробак на TON, але карыстальнікі плацяць за ўсё гэта ў крыптавалютах праз TON.


Telegram доўга шукаў, на чым зарабляць, і неахвотна ўводзіў рэкламу і прэміяльныя падпіскі. TON жа прынёс Telegram вялікі прыбытак, які пры гэтым не раздражняе карыстальнікаў. Акрамя таго, сувязь TON і Telegram уплывае на інтарэс інвестараў і да TON, і да Telegram – то бок расце і патэнцыйная рынкавая ацэнка Telegram, якім цяпер валодае Павел Дураў. І хоць Telegram пакуль прыносіць Дураву чыстыя страты, звязка «TON + Telegram» можа прыносіць прыбытак, і развіццё TON у гэтым будзе нават важнейшым за развіццё Telegram – абы мэсэнджэр не губляў аўдыторыю.


Як зарабіць на TON і да чаго тут «Hamster Kombat»

Відэагульня «Hamster Kombat». (Скрыншот: Белсат)

Што за «Hamster Kombat», які абяцае беларусам грошы ні за што? Ён непакоіць украінцаў

навіны

У адрозненне ад «Bitcoin», «Toncoin» ужо нельга майніць усім ахвочым (працу сеткі забяспечваюць уладальнікі буйных сумаў у гэтай крыптавалюце). То бок нельга проста зарабляць на правядзенні вылічэнняў, неабходных для правядзення транзакцыяў. Можна хіба атрымаць «Toncoin» за тавар ці паслугу або проста купіць. Аплату ў TON-ах прымаюць як у праграмах у Telegram, так і ў некаторых інтэрнэт-сэрвісах: на адным сэрвісе можна плаціць у TON-ах за тавары, у яшчэ адным – браняваць гатэлі за TON-ы. 


«Notcoin» да нядаўняга часу можна зарабіць на аднайменнай гульні ў Telegram, у якой трэба было проста націскаць на экран (клікаць або тапаць). Гульню з клікамі завяршылі, NOT-ы выставілі на біржы. Адзін «Notcoin» цяпер каштуе 0,007543 долара – няшмат, але з улікам таго, што за некаторыя заданні ў гульні давалі па 100 тысяч манетак, гэта далёка не нуль.


Падобная гульня «Hamster Combat», якая здабыла большую за «Notcoin» папулярнасць, бо тапаць у ёй трэба не на абстрактную манетку, а на мульцяшнага хамяка, пакуль толькі абяцае крыптавалюту за клікі. Токен плануюць выставіць на біржах 26 верасня.


Ды галоўны спосаб заробку на крыптавалютах – спекуляцыя на росце курсу праз веру інвестараў ва ўзятую валюту. Адзін «Bitcoin» у 2009 годзе каштаваў 0,0009 долара, на момант публікацыі каштуе каля 57 тысяч долараў. Ды курс моцна вагаецца: толькі ў апошні месяц ён складаў ад 53 да 64,5 тысяч долараў, а два гады таму абвальваўся да менш як 16 тысяч долараў.


Што будзе з TON пасля затрымання Дурава

Фота: Albert Gea / Reuters / Forum

Кейс Дурава. Што важней: свабода слова ці вяршэнства закону?

Меркаваннi

TON цяпер не звязаны наўпрост з братамі Дуравымі, але поспех сеткі і крыптавалюты моцна прывязаны да перспектываў Telegram – асноўнага асяроддзя карыстання TON. З паведамлення (PDF) французскай пракуратуры не да канца зразумела, ці тычацца абвінавачванні Дураву менавіта працы TON у звязцы з Telegram. Можа, прэтэнзіі не да крыптавалютаў у мэсэнджэры, а ў супрацьдзеянні незаконным аперацыям праз крыптавалюты. Ды можа, якраз да звязкі крыптавалюты і мэсэнджэра. Так ці інакш, курс «Toncoin» 


Мэсэнджэру, падобна, не пагражае закрыццё, нават калі Паўла Дурава асудзяць на зняволенне ў Францыі. Максімум – блакаванне Telegram ў асобных краінах. Але на працу Telegram трэба шмат грошай. «Reuters» нагадвае, што ад Дурава і Telegram, як і ад Маска і X (былога Twitter) патрабуюць больш пільнай мадэрацыі. Праца вялікай колькасці мадэратараў каштуе вялікіх грошай, а Telegram і так у мінулым годзе працаваў сабе ў страту. А глыбейшая інтэграцыя TON у Telegram можа прынесці не дадатковы заробак, а толькі большыя праблемы з уладамі і рэгулятарамі.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10