Сёлета ў Аляксандра Лукашэнкі год юбілеяў: у канцы жніўня яму споўніцца 70 гадоў, а зусім нядаўна ён адзначаў 30-годдзе свайго кіравання. Аднак выбудаваная Лукашэнкам сістэма не састарылася разам з ім. Наадварот цягам апошняга дзесяцігоддзя і асабліва інтэнсіўна пасля 2020 году адбывалася змена пакаленняў у найвышэйшых эшалонах улады. «Белсат» разбіраўся ў заканамернасцях кадравай палітыцы Лукашэнкі, якія мала хто заўважыў.
Рэха мінулых часоў
Улетку 2024 году ў публічную прастору нечакана вярнуліся прадстаўнікі «старой гвардыі» наменклатуры - Наталля Пяткевіч і Міхаіл Мяснікавіч. У канцы чэрвеня Аляксандр Лукашэнка прызначыў Пяткевіч на пасаду намесніцы кіраўніка сваёй адміністрацыі. А Мясніковіч увайшоў у працоўную групу па аналізу дзейнасці Нацыянальнай акадэміі навук. Мяркуючы па тым, як прадстаўлялі яго дзяржаўныя медыі, Мясніковіч адыгрывае у працоўнай групе адну з ключавых роляў.
На першы погляд, нічога агульнага паміж дзвюма гэтымі асобамі няма. Яны прадстаўляюць розныя пакаленні (Пяткевіч - 51 год, Мясніковічу - 74) і іх кар’ерныя шляхі зусім не падобныя. Аб’ядноўвае іх толькі адна асаблівасць: і Пяткевіч, і Мясніковіч сімвалізуюць іншы перыяд у гісторыі кіравання Лукашэнкі.
Росквіт кар’еры Пяткевіч прыйшоўся на 2000-е. Спачатку яна была прэс-сакратаркай Лукашэнкі, потым намесніцай кіраўніка адміністрацыі, а ў 2009-2010 гг. - першай намесніцай. Пасля 2010 году ўплыў Пяткевіч пайшоў на спад, хаця некалькі гадоў яна яшчэ заставалася памочніцай Лукашэнкі. У 2014 годзе Пяткевіч пазбавілася гэтай пасады і амаль на 10 гадоў знікла з публічнай прасторы.
Кар’ера Мясніковіча была куды больш разнастайнай. Ён выхадзец з партыйнай наменклатуры, займаў пасаду міністра яшчэ ва ўрадзе БССР у канцы 80-х. Пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі стаў першым віцэ-прэм’ерам, пасля прыходу Лукашэнкі да ўлады ўзначаліў ягоную адміністрацыю. У пачатку 2000-х кіраваў Акадэміяй навук, у 2010-2015 гг узначальваў урад. З 2016 па 2019 год быў старшынёй Савету Рэспублікі, а потым - старшынёй калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі.
Цяпер Лукашэнка вельмі рэдка вяртае ў палітыку людзей са «старой гвардыі». Людзей, якія ўваходзілі ў найвышэйшыя эшалоны ўлады ў 90-е або 2000-е, побач з самаабвешчаным кіраўніком Беларусі амаль няма (імаверна, у блізкім коле застаўся Віктар Шэйман, але ніякіх афіцыйных пасадаў ён цяпер не займае). У асноўным Лукашэнку атачаюць людзі, якія выйшлі на першы план у дзяржаўнай сістэме ў апошнія 4-6 гадоў. 63-гадовая Наталля Качанава, якая стала віцэ-прэм’еркай у 2014-м, а кіраўніцай лукашэнкаўскай адміністрацыі ў 2018-м, - можа лічыцца сапраўдным доўгажыхарам.

Вялікае «ператрахванне»
Масавыя пратэсты 2020 году падштурхнулі Лукашэнку да вельмі інтэнсіўнага «ператрахвання» дзяржаўнага апарата. У кадравай палітыцы стаў назірацца выразны трэнд на амаладжэнне.
Перад пачаткам прэзідэнцкай кампаніі сярэдні ўзрост пастаянных чальцоў Савету бяспекі без уліку самога Лукашэнкі складаў 58,1 гадоў. Шэсць з дзесяці пастаянных чальцоў на хвалі бурных падзеяў 2020 году былі заменены і ўжо ў 2021 годзе сярэдні ўзрост знізіўся да 53,8.
Напрыклад, Андрэй Швед стаў генпракурорам у 47 гадоў - ён на 13 гадоў маладзейшы за свайго папярэдніка Аляксандра Канюка. Іван Кубракоў узначаліў МУС у 45 гадоў, ён на 9 гадоў маладзейшы за Юрыя Караева. Іван Церцель стаў кіраўніком КДК, а затым КДБ у 54 гады. Ён маладзейшы за Леаніда Анфімава 12 гадоў, а Валерыя Вакульчыка на 2 гады. Наступны кіраўнік КДК Васіль Герасімаў і ўвогуле атрымаў прызначэнне ў 45 гадоў.
У 2024 годзе адбыліся яшчэ дзве перастаноўкі ў Савеце бяспекі: 43-гадовы Дзмітрый Круты ўзначаліў лукашэнкаўскую адміністрацыю замест 61-гадовага Ігар Сяргеенка, а Сяргеенка ў сваю чаргу змяніў на пасадзе старшыні Палаты прадстаўнікоў 75-гадовага Уладзіміра Андрэйчанку. Па стане на жнівень 2024 году сярэдні ўзрост пастаянных чальцоў Савету бяспекі складае 53,6 гадоў, што на 4,5 гады менш, чым у 2020-м.
Поўны склад Савету бяспекі (19 асобаў) памаладзеў у амаль на тры гады: перад пачаткам прэзідэнцкай кампаніі 2020 году сярэдні ўзрост складаў 57,2 гады, а ў жніўні 2024 году - 54,3 гады. Напрыклад, кіраўнік МНС Вадзім Сіняўскі на 12 гадоў маладзейшы за свайго папярэдніка Уладзіміра Вашчанкі, а новы міністр замежных справаў Максім Рыжанкоў на 12 гадоў маладзейшы за Уладзіміра Макея і на 5 гадоў Сяргея Алейніка.
Найбольш выразна трэнд на амаладжэнне праявіўся на ўзроўні рэгіёнаў. Сярэдні ўзрост кіраўнікоў шасці абласцей і гораду Менску ўлетку 2020 год складаў 59,1 гадоў. Шэсць з сямі рэгіянальных топ-чыноўнікаў неўзабаве пазбавіліся сваіх пасадаў і ўжо на канец 2021 году сярэдні ўзрост упаў да 49 гадоў. Кіраўнік Гарадзенскага аблвыканкаму памаладзеў на 20 гадоў, Віцебскай - на 16, Гомельскай - на 11, Берасцейскай вобласці і Менгарвыканкаму - на 10, Магілёўскай - на 8. З гэтай тэндэнцыі рэзка выбіваецца толькі нядаўняе прызначэнне кіраўніком Берасцейскай вобласці 67-гадовага Пятра Пархомчыка, што павысіла сярэдні ўзрост рэгіянальных топ-чыноўнікаў адразу да 53,5 гадоў. Праўда, у дадзеным выпадку адбылася ракіроўка: Пархомчык заняў месца 56-гадовага Юрыя Шулейкі, а Шулейка замест Пархомчыка перайшоў ва ўрад.
Фармальна савет міністраў трэнд на амаладжэнне пасля 2020 году не закрануў, але беларускі ўрад істотна амаладзіўся яшчэ пры Сяргее Румасе. Сярэдні узрост фінальнай версіі ўраду Румаса і цяперашняга складу ўраду Рамана Галоўчанкі амаль аднолькавы - 50,6 і 50,7 гадоў адпаведна.
Пры Мясніковічу сітуацыя была іншая: сярэдні ўзрост ягонага ўраду ў пачатку 2011 году складаў 53,8 гады. На першы погляд, розніца можа падацца не істотнай - усяго тры гады. Аднак насамрэч, з улікам 13-гадовага інтэрвалу, гаворка ідзе пра паўнавартасную змену пакаленняў. Урад Мясніковіча - гэта пераважна пакаленне 50-х, урад Галоўчанкі - пакаленне 70-х.

Рэпрэсіі - справа маладых
«Вырасла новае пакаленне людзей, спецыялістаў. Дарэчы, дасведчаных людзей, якія не проста з боку схапілі, прызначылі. А людзі, якія прайшлі пэўныя ступені», - сказаў Лукашэнка ў верасні 2020 году.
Пра змену пакаленняў ён тады разважаў у кантэксце прызначэння на пасаду генпракурора Андрэя Шведа, які стаў ключавым правадніком адыёзнай устаноўкі «часам не да законаў». Менавіта на «новае пакаленне» Лукашэнка зрабіў стаўку ў самы драматычны перыяд найноўшай гісторыі Беларусі. Менавіта яны, а не нейкія рэлікты савецкай эпохі, рэалізоўвалі курс на масавыя рэпрэсіі і таталітарную трансфармацыю.
Чаму Лукашэнка палічыў «новае пакаленне» больш надзейным? Тут можна толькі выказаць некаторыя здагадкі.
Па-першае, «маладая гвардыя», імаверна, з’яўляецца больш матываванай. Чыноўнікам і сілавікам, якія знаходзяцца ў перадпенсійным або пенсійным узросце, няма сэнсу лезці са скуры прэч, каб абараніць рэжым Лукашэнкі - яны ўжо прафесійна рэалізаваліся і забяспечылі сябе годную старасць. А «маладая гвардыя» яшчэ толькі збіраецца задаволіць сваю прагу да ўлады і поспеху, таму яны асабіста зацікаўлены ў захаванні цяперашняга рэжыму.
Па-другое, стаўленне «старой» і «маладой гвардыі» асабіста да Лукашэнкі ўсё-ткі павінна адрознівацца. Сярэдні ўзрост прадстаўнікоў найвышэйшых эшалонаў улады ў 50-53 гады азначае, што гэтыя людзі правялі амаль усё сваё дарослае жыццё пры цяперашнім рэжыме і нічога іншага фактычна не ведаюць. Палова пастаянных чальцоў Савету бяспекі ў 1994 годзе былі яшчэ студэнтамі. Міністр адукацыю Андрэй Іванец у год перамогі Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах увогуле толькі перайшоў у пяты клас.
То бок гэтыя людзі сапраўды ўсім абавязаны дзейнаму рэжыму. А многія прадстаўнікі «старой гвардыі» паспяхова прасоўваліся па кар’ернай лесвіцы і да 1994 году. Напрыклад, у 91-м, калі цяперашні старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму Уладзімір Каранік толькі скончыў школу, ягоны папярэднік Уладзімір Краўцоў быў ужо другім сакратаром Магілёўскага гаркаму КПБ.

Насуперак герантакратыі
Шмат якія аўтарытарныя сістэмы старэюць разам са сваімі элітамі. Позні СССР, напрыклад, лічыцца ўзорам герантакратыі: у 80-х савецкія кіраўнікі паміралі адзін за адным проста ад старасці. Пуцінскі рэжым таксама мае ўсе прыкметы герантакратыі. Без уліку Уладзіміра Пуціна сярэдні ўзрост пастаянных чальцоў цяперашняга Савету бяспекі РФ складае 66,1 гадоў (на 13,5 гадоў больш, чым у Беларусі), а поўны склад - 64,3 гады. Лукашэнка па шляху герантакратыі яўна не пайшоў.
З іншага боку, калі параўноўваць з дэмакратычнымі краінамі, то цяперашняя дзяржаўная эліта Беларусі ўжо не выглядае надта маладой. Напрыклад, без уліку прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага сярэдні ўзрост поўнага складу Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны складае 48,4 гадоў - на шэсць гадоў менш, чым у беларускім Савеце бяспекі. Тут можна ўбачыць яшчэ адну цікавую заканамернасць. Зяленскаму 46 гадоў, Пуціну - 71, Лукашэнку неўзабаве будзе 70. То бок Пуцін і Зяленскі ў асноўным акружылі сябе равеснікамі. А Лукашэнка - асобамі, якія па ўзросце амаль падыходзяць яму ў дзеці.
Такім чынам, за апошнія 5-10 гадоў Лукашэнка здолеў правесці змену пакаленняў наменклатуры і сілавікоў, прычым гэта не прывяло ні да аслаблення ягонай асабістай улады, ні да змякчэння рэжыму. Наадварот «маладая гвардыя» рэалізуе радыкальную рэпрэсіўную палітыку больш заўзята, чым «старая».
Вяртанне Петкевіч і Мясніковіча зусім не ламаюць тэндэнцыю да амаладжэння кадраў. Па ўзросце Пяткевіч увогуле не выбіваецца з агульнага трэнду - яна як раз з пакалення 70-х.
Акрамя таго, гэтыя прызначэнні ілюструюць яшчэ адну тэндэнцыю, хоць і не настолькі выразную. Лукашэнка не рэдка трымае прадстаўнікоў «старой гвардыі» за спінай «новага пакалення» - ці то каб захаваць пераемнасць, ці то для таго, каб даглядаць за «маладымі». Гэтак, у 2020-м годзе, зняўшы Караева і Вакульчыка са сваіх пасадаў у МУС і КДБ, ён прызначыў іх сваімі памочнікамі ў рэгіёнах пры больш маладых старшынях Гарадзенскага і Берасцейскага аблвыканкамаў. Цяпер 51-гадовая Пяткевіч стала другім чалавек у лукашэнкаўскай адміністрацыі, якой кіруе 43-гадовы Круты, а 74-гадовы Мясніковіч увайшоў у працоўную групу, якую ўзначальвае 48-гадовы старшыня КДК.
