Жанчыну абвінавачвалі ў злосным непадпарадкаванні законным патрабаванням адміністрацыі.
У гомельскай жаночай калоніі на выязным пасяджэнні разглядзелі крымінальную справу палітзняволенай Вікторыі Кульшы. Жанчыну абвінавачвалі ў парушэнні ч. 1 арт. 411 Крымінальнага кодэксу (злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Палітзняволенай дадалі яшчэ адзін год турмы, паведамляе «Вясна».
Справу Вікторыі Кульшы разглядалі на выязным пасяджэнні на тэрыторыі калоніі, таму родных не прапусцілі на суд. Пракурор запытаў для Вікторыі год зняволення – менавіта такое пакаранне і прызначыў суддзя Сяргей Мальцаў.
Нагадаем, інжынерку аховы працы затрымалі 4 лістапада 2020 года. Жанчыну вінавацілі, што яна адміністравала тэлеграм-канал і чат «Кіроўцы 97 %».
У лютым 2021 года Вікторыю асудзілі паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 342 КК (Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак) да 2,5 гадоў калоніі.
Неўзабаве палітзняволеную перавядуць у гомельскае СІЗА № 3, дзе яна застанецца да разгляду апеляцыйнай скаргі.