навіны

Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 24 чэрвеня

Belsat
Belsat
podpis źródła zdjęcia

«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны.

«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, якую распачала Расея ва Украіне. Пра галоўныя падзеі па стане на вечар 24 чэрвеня чытайце ў нашым аглядзе.
Паводле звестак Генеральнага штабу ЗСУ, з моманту поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну страты расейскага войска дасягнулі 34530 чалавек забітымі.
Цягам апошніх содняў на ўсходзе Украіны расейцы не спынялі наступальныя дзеянні з мэтай усталявання поўнага кантролю над тэрыторыямі Данецкай і Луганскай вобласцяў. Асноўныя штурмавыя дзеянні войскаў РФ праходзілі на Бахмуцкім, Навапаўліўскім і Севераданецкім напрамках. Пры гэтым у самім Севераданецку па-ранейшаму працягваюцца вулічныя баі. Кіраўнік Луганскай адміністрацыі Сяргей Гайдай заявіў, што ЗСУ будуць вымушаныя сысці з гораду праз разбурэнне асноўных ахоўных збудаванняў і перайсці на больш умацаваныя пазіцыі. Гайдай дадаў, што калі ЗСУ цалкам страцяць кантроль над горадам, мясцовыя жыхары, якія застаюцца на заводзе «Азот», змогуць эвакуявацца толькі ў Расею.
У гэты ж час украінскі ваенны эксперт Алег Жданаў выказаў меркаванне, што сілы ЗСУ таксама будуць вымушаныя пакінуць і горад Залатое, каб не аказацца ў атачэнні расейскіх войскаў.
Інстытут вывучэння вайны пацвердзіў, што расейцы дасягнулі значных поспехаў у раёне Севераданецк-Лісічанск, але адзначае, што яны аслабленыя і, верагодна, спыняць сваё наступленне ў бліжэйшыя тыдні. Тады ЗСУ будуць мець магчымасць для контрнаступлення.
На іншых участках баявых дзеянняў на Данбасе расейцы ў асноўным абмяжоўваліся нанясеннем авіяцыйных і артылерыйскіх удараў па ўкраінскіх пазіцыях.
Пры гэтым у Херсонскай і Мікалаеўскай вобласцях расейцы трымаюць абарону, каб не дапусціць прарыву ўкраінскіх сілаў. У Харкаўскай вобласці абодва бакі цягам мінулых содняў не праводзілі актыўных наступальных дзеянняў.
Разам з тым на ўсіх акупаваных тэрыторыях працягваюць дзейнічаць украінскія партызаны. Так у Херсоне падарвалі аўтамабіль кіраўніка Упраўлення сям’і, моладзі і спорту акупацыйнай адміністрацыі вобласці Дзмітрыя Саўлучэнкі. Паведамляецца, што ў выніку атакі чыноўнік загінуў. Ён быў актыўным прарасейскім актывістам, уваходзіў у партыю Віктара Мядведчука, быў паплечнікам Анатоля Шарыя.
Тым часам у самой Расеі працягваюць гарэць ваенкаматы. У Белгарадзе невядомы разбіў акно ваеннага камісарыята на першым паверсе і кінуў у кабінет дзве бутэлькі з запальнай сумессю. У Пермі невядомыя кінулі чатыры «кактэйлі Молатава» у будынак ваеннага камісарыята. Дзве бутэлькі разбіліся, яшчэ дзве – засталіся цэлымі.
Выданне «The New York Times» паведаміла, што ЗША дадуць Украіне дадатковы пакет дапамогі на 450 мільёнаў долараў, у які ўвойдуць рэактыўныя сістэмы залпавага агню «HIMARS», патрульныя катары, артылерыйскія боепрыпасы і іншае.
Пры гэтым намеснік начальніка Галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генштабу ЗСУ Аляксей Громаў заявіў, што Беларусь можа даць Расеі тэхніку і ўзбраенне.
Таксама Кіеў паведамляе, што Беларусь будуе ваенную інфраструктуру на тэрыторыі былога аэрадрома Зяброўка ў Гомельскай вобласці, якая мяжуе з Украінай. У Генштабе ЗСУ мяркуюць, што ў будучыні Беларусь можа дазволіць РФ размясціць на гэтай тэрыторыі чарговую ваенную базу.
Галоўнае ўпраўленне разведкі Міністэрства абароны Украіны сцвярджае, што Расея плануе арганізаваць серыю тэрактаў на тэрыторыі Беларусі. Але ніякіх доказаў ГУР не прыводзіць.
Паводле ўпраўлення, у Мазыр ужо прыбылі дыверсійныя групы, у склад якіх уваходзяць кадравыя супрацоўнікі Галоўнага разведвальнага ўпраўлення РФ і найміты з падкантрольных расейскім уладам прыватным ваенным кампаніям (ПВК). У іх задачы нібыта ўваходзіць арганізацыя серыі тэрактаў на тэрыторыі Беларусі, мэта які – апраўдаць агрэсію Расеі ва Украіне, а таксама ўцягненне Беларусі ў вайну.
Міністэрства юстыцыі Украіны паведаміла, што краіна падала пазоў супраць Расеі ў Еўрапейскі суд па правах чалавека. Украіна абвінавачвае расейскія ўлады ў парушэнні Еўрапейскай канвенцыі аб правах чалавека ў сувязі з незаконным уварваннем на суверэнную тэрыторыю Украіны.
ВК belsat.eu
больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10