Беларуса, які назіраў за палітычнымі судамі, пасля затрымання дастаўлялі ў шпіталь


Васіля Чопіка, якога затрымалі ў пачатку сакавіка, дастаўлялі ў шпіталь машынаю хуткай дапамогі са слядамі моцнага збіцця, паведамляюць праваабаронцы берасцейскага аддзялення «Вясны».

Васіль Чопік.
Крыніца: Вясна / Правы чалавека ў Беларусі / Telegram

Як адзначаецца, колер твару Васіля Чопіка пры дастаўцы ў лякарню быў жоўты, што можа сведчыць пра пашкоджанне печані ў выніку збіцця.

Навіна пра тое, што 40-гадовага берасцейца Васіля Чопіка змясцілі ў СІЗА, з’явілася 28 сакавіка 2024 года. Сцвярджалася, што праваахоўнікам Берасцейскай вобласці ўдалося выявіць «памагатых экстрэмістаў», якія хадзілі на судовыя пасяджэнні паводле крымінальных справаў, «каб адпраўляць звесткі пра сведак у справах экстрэмісцкай скіраванасці за мяжу».

Чопіка абвінавачвалі ў тым, што ён «фіксаваў хаду і вынікі пасяджэнняў, інфармацыю пра сведак і прадстаўнікоў праваахоўных органаў», пра што далей паведамляў «замежным куратарам для публікацыі на дэструктыўных інтэрнэт-рэсурсах».

У дачыненні берасцейца пачатая крымінальная справа за спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці.

Як паведамляе берасцейскае аддзяленне «Вясны», у мужчыны праводзілі ператрус 1 снежня 2021 года. У верасні 2022-га Васіля Чопіка затрымалі спачатку паводле артыкулу 19.11 КаАП, але калі аказалася, што ў мужчыны проста няма тэлефона, дзе могуць быць нейкія «экстрэмісцкія матэрыялы», то склалі пратакол ужо паводле арт. 24.23 КаАП. Падставаю для пратаколу стаўся бела-чырвона-белы сцяг, прылеплены скотчам знутры да вакна дому, хаця сам Чопік сцвярджаў, што сцяг з’явіўся ўжо пасля таго, як яго затрымалі і даставілі ў ІЧУ. У пачатку сакавіка 2024 года мужчыну зноў затрымалі.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў