Шчыльныя баі без істотных зменаў па фронце. Што адбываецца ва Украіне?


«Белсат» падводзіць вынікі 762-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 26 сакавіка чытайце ў нашым аглядзе.

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі пра няўдалую атаку праціўніка ў ваколіцах сяла Іванаўка ў Купянскім раёне Харкаўскай вобласці.

Між тым у Міністэрстве абароны РФ заявілі, што іхныя вайскоўцы ўсё ж палепшылі становішча па пярэднім краі.

На суседнім ліманскім кірунку, паводле ўкраінскага камандавання, УС РФ прынамсі 15 разоў атакавалі ў ваколіцах Цернаў, Ямпалаўкі, Раздолаўкі і Вясёлага на поўначы Данецкай вобласці і каля Белагораўкі на Луганшчыне, але поспеху не дасягнулі.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» удакладняе, што на ўсходзе ад Цернаў расейцы былі загадзя выяўленыя, пасля чаго ЗСУ знішчылі цяжкую тэхніку праціўніка.

У гэты ж час прарасейскі «Два майора» піша, што самыя Збройныя сілы контратакуюць на гэтым участку фронту, імкнучыся адкінуць праціўніка далей ад населенага пункту.

У ноч на 2 сакавіка ў адным з жылых раёнаў Адэсы, у выніку расейскай атакі дронамі тыпу «Шахед» адбылося траплянне ў жылы дом, што пацягнула абрушэнне часткі дому і гібель некалькіх чалавек. На гэты момант вядома пра 5 загінулых, але пад заваламі яшчэ застаюцца людзі, іх колькасць удакладняецца. Адэса, Украіна. 2 сакавіка 2024 года.
Фота: Аляксандр Зяньковіч / Белсат

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту ў ваколіцах аднайменнага гораду ў Данецкай вобласці)

На бахмуцкім кірунку ініцыятыва таксама застаецца за Узброенымі сіламі РФ, якія намагаюцца прасунуцца да гораду Часаў Яр.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў гаворыць, што УС РФ развіваюць наступ на ўчастку фронту паміж сёламі Багданаўка і Іванаўскае.

Тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» прызнае прасоўванні расейцаў на гэтым участку фронту, пры гэтым адзначаецца, што праціўнік мае пяцікратную перавагу ў жывой сіле.

Прарасейскі ваенны эксперт Барыс Рожын, спаслаўшыся на вайскоўцаў РФ, піша, што ўкраінцы контратакавалі ў Іванаўскім і змаглі часова выціснуць праціўніка з асобных пазіцыяў, але ў выніку ўсё былі вымушаныя адысці з населенага пункту.

Таксама расейцы ціснуць у ваколіцах Клішчыеўкі, але лінія сутыкнення застаецца нязменнай.

Аўдзееўскі і навапаўлаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

На аўдзееўскім кірунку баявыя дзеянні лакалізуюцца на захадзе ад аднайменнага гораду.

Пегаў піша, што УС РФ развіваюць поспех з боку раней занятага сяла Танэнькае ў кірунку Уманскага і Яснабродаўкі. Таксама, па словах ваенкора, расейцы паступова прасоўваюцца ў цэнтральнай частцы Первамайскага, але тут адзначаецца істотны супраціў з боку ЗСУ.

Барыс Рожын пацвярджае словы Пегава. Акрамя гэтага ваенны эксперт фіксуе паступовы адыход украінцаў з сяла Бэрдычы.

Пра актывізацыю расейцаў у населеным пункце піша і праўкраінскі «Говорять Снайпер».  Між тым, паводле крыніцы, пакуль войскі РФ поспеху не маюць.

Яшчэ адзін тэлеграм-канал расейцаў «НгП раZVедка» заяўляе, што УС РФ зайшлі з поўдня ў сяло Сямёнаўка, і цяпер у населеным пункце ідуць цяжкія баі: ЗСУ актыўна б’юць FPV-дронамі і артылерыяй, імкнучыся выціснуць штурмавыя групы праціўніка. Адначасова з гэтым сілы абароны Украіны падцягваюць свае рэзервы на гэты ўчастак.

На навапаўлаўскім кірунку расейцы наступаюць у  ваколіцах населеных пунктаў Краснагораўка, Георгіеўка, Пабеда і Новаміхайлаўка.

Тэлеграм-канал «Рыбарь» піша, што войскі РФ крыху расшырылі зону кантролю каля Краснагораўкі недалёка ад дарогі О0532.

Пегаў гаворыць, што расейцы прасоўваюцца з поўдня да Новаміхайлаўкі. Пры гэтым каля Краснагораўкі, Георгіеўкі і Пабеды ваенкор фіксуе сустрэчныя баі.

Рожын сцвярджае, што цяпер украінцы кантралююць чацвёртую частку Новаміхайлаўкі.

Цяжкае становішча каля населенага пункту ўскосна пацвярджае ўкраінскі Генштаб, які паведамляе пра 22 адбітыя атакі праціўніка за содні.

Вайскоўцы 46-й брыгады ЗСУ пішуць, што галоўнай праблемай на кірунку застаюцца ўдары расейскай авіяцыі, пры дапамозе якой руйнуюцца пазіцыі сілаў абароны.

Бярдзянскі, арэхаўскі і херсонскі кірункі (захад Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

На паўднёвым захадзе Данецкай вобласці расейцы ціснуць на так званым урэмеўскім выступе ў ваколіцах сяла Старамаёрскае.

Канал «Два майора» сцвярджае, што войскі РФ прасоўваюцца да населенага пункту. ЗСУ контратакуюць.

У Запарожскай вобласці баявыя дзеянні лакалізуюцца ў ваколіцах гораду Арэхаў: паводле Генштабу ЗСУ, цягам апошніх содняў былі адбітыя атакі праціўніка на паўднёвым захадзе ад сяла Белагор’е і на паўночным захадзе ад Вэрбовага.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Офіцер» піша пра складаную, але кантраляваную сітуацыю ў сяле Работына: тут УС РФ няспынна б’юць авіяцыяй і артылерыяй, а таксама праводзяць штодзённыя штурмы пяхотай, якім цяпер папярэднічаюць падрывы начыненых выбухоўкай «БМП-камікадзе».

Пры гэтым крыніца адзначае, што сілы абароны пачалі атрымліваць боепрыпасы ад краінаў Еўразвязу, што істотна палепшыла становішча на кірунку.

У Херсонскай вобласці войскі РФ штурмуюць пазіцыі ўкраінцаў у сяле Крынкі (левабярэжжа Дняпра). Тэлеграм-канал «Позывной OSETIN» піша, што ЗСУ амаль не праводзяць ратацыю, а прыпасы байцам перакідаюцца пры дапамозе БпЛА.

Мінабароны РФ паведамляе пра паляпшэнне становішча на гэтым участку фронту.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

Стужка навінаў