Каронавірус і замкнёныя межы спрычыніліся да актыўных вандровак па Беларусі і адкрыцця таямніцаў нашага краю. У гэтыя спякотныя дні прапануем вам цікавы маршрут выходнага дня па мясцінах у Заходняй Беларусі, звязаных з нашымі выбітнымі гістарычнымі постацямі: Кастусём Каліноўскім, Тадэвушам Касцюшкам і Адамам Міцкевічам. Запасайцеся вадой і рыхтуйцеся да душэўнага прыгожага падарожжа! Гэта другая частка нашай вандроўкі. Пра першы дзень падарожжа чытайце тут.
Вяртаемся да нашых герояў. Дабраліся ў Косава, гэта горад у Берасцейскай вобласці за 15 кіламетраў ад Івацэвічаў. Тут у адасобленым маляўнічым месцы стаіць невялікая сядзіба Мерачоўшчына – дом-музей Тадэвуша Касцюшкі.
Тадэвуш Касцюшка паходзіць з беларускага дваранскага роду. У Мерачоўшчыне прайшлі ягоныя дзіцячыя гады. Палацу тады яшчэ не было, сямʼя жыла ў драўлянай, на некалькі пакояў, пад саламяным дахам хаце. Вас не мусіць здзіўляць такі выгляд: на той час гэта лічылася цалкам сабе шляхетным жытлом. У Тадэвуша былі дзве сястры, Ганна ды Катарына, і брат Юзаф.
Падчас Другой сусветнай вайны сядзіба згарэла і была адноўленая толькі ў 2004 годзе. Цяпер у ёй музей, дзе можна паглядзець інтэрʼеры часу Касцюшкі, фотаздымкі, дакументы, прыклады тагачаснай зброі. Кранае выгляд звычайных драўляных цацак на дзіцячым ложку, атмасферная вясковая кухня з печкай і чыгункамі.
На тэрыторыі музею ў 2018 годзе ўсталявалі помнік Тадэвушу Касцюшку – першы поўнафігурны помнік у Беларусі, грошы на які збіралі ў інтэрнэце. Праект тады падтрымалі 690 асобаў, сабралі больш за Br 22 тысячы. Скульптуру вышынёю 2,2 метра стварыў беларускі скульптар Генік Лойка, яе адлілі з бронзы ва Украіне.
Проста насупраць сядзібы – яшчэ адна славутасць гэтых месцаў: палац Пуслоўскіх (Косаўскі замак). Пуслоўскія, дарэчы, ганарыліся тым, што ўзвялі свой палац на радзіме Тадэвуша Касцюшкі. Звонку будынак выглядае ўжо цалкам завершаным (рэстаўрацыя цягнецца з 2008 года): беласнежны экстэрʼер, вітражы, акуратныя вежы, фантан з галовамі львоў перад уваходам. Дванаццаць вежаў замку, паводле легенды, сімвалізавалі месяцы года, чатыры цэнтравыя адказвалі за «хлебныя» месяцы – травень, чэрвень, ліпень і жнівень.
Палац, падобны да рыцарскага замку, пабудавалі ў стылі англійскай неаготыкі, гэта адзіны ў Беларусі значны прадстаўнік такога архітэктурнага напрамку. Аркі, стральчатыя вокны дадаюць палацу рамантызму і сярэднявечнага флёру. Ёсць легенда, што пад замкам Пуслоўскіх існавала сістэма падземных хадоў, што вялі ў тым ліку і ў Ружанскую рэзідэнцыю Сапегаў. У палацы ёсць рэстаран, гатэль і музей.
Аўтэнтычных рэчаў з багаццяў палацу засталося мала. А ўсё праз тое, што маці вельмі любіла свайго сына. У Вандаліна і Ядвігі Пуслоўскіх было трое дзяцей: дзве дачкі, Генавефа ды Марта, і сын Леон. Хлопец быў гулякам і аматарам азартных гульняў. Бацька паглядзеў, што нічога добрага з нашчадка не выйдзе, і пазбавіў яго спадчыны. Аднак Ядвіга пасля смерці Вандаліна ўсё ж перадала маёнтак у Косаве з прылеглаю да яго зямлёй у рукі сына. Леон спусціў усе свае грошы, разбазарыў навакольныя лясы і заклаў радавы маёнтак у зямельны банк, які пасля прадаў палац на публічных таргах. З таго часу маёнтак Пуслоўскіх «пайшоў па руках» і паступова траціў былую славу ды матэрыяльнае багацце: на каштоўнасці, карціны і кнігі знакамітага роду вельмі хутка знайшліся пакупнікі. Захавалася толькі невялікая частка бібліятэкі, якую ў спадчыну атрымала Марта Пуслоўская. Калекцыя кніг у сямʼі на той час была адною з найлепшых, яны назбіралі дзясяткі тысячаў рэдкіх выданняў.
З пляцоўкі каля замку адкрываюцца прыгожыя краявіды: палі, лясы, возера. Побач – рэстаран, азёры ды выспа з альтанкамі і танцпляцоўкаю.
Адноўленая сядзіба-музей Касцюшкі – не адзіны будынак, звязаны з нашым слынным земляком. Калі вы яшчэ не стаміліся ад рэлігійных пабудоў, завітайце ў мураваны Троіцкі касцёл, пабудаваны на месцы колішняга косаўскага драўлянага ў 1788 годзе. У Косаве таксама ёсць дзве царквы: мураваная царква Святога Антонія (1868) і драўляная царква Святога Георгія (XVIII ст). Акрамя гэтага, на мясцовых могілках можна знайсці помнік палеглым у паўстанні 1863 года. У мястэчку варта звярнуць увагу і на старасвецкія дамкi, рассыпаныя па ўсім Косаве.
Наваградак – першая сталіца ВКЛ і горад паэта Адама Міцкевіча (1798–1855). Гэты горад вядомы ўнікальным рэльефам: ён месціцца на самым высокім пагорку аднайменнага ўзвышша на вышыні 332 метры. На падʼездзе да яго – нетыповыя для раўніннай Беларусі «амерыканскія» горкі і вялізныя ветракі, якія круцяць свае лопасці.
У Наваградку шмат адрасоў, звязаных з Міцкевічам. У міжваенны час у горадзе склаўся своеасаблівы культ асобы беларускага пісьменніка, які пісаў «O Litwo, Ojczyzno moja» па-польску. Мясцовыя жыхары і турысты ў міжваенныя гады на месцы Ніжняга замку насыпалі цэлы курган Міцкевіча, зямлю для якога прывозілі са сваіх родных мясцінаў, некаторыя дасылалі яе поштаю. Насупраць кургану стаіць помнік паэту.
З іменем Адама Міцкевіча звязаны дамініканскі наваградскі касцёл, сёння – касцёл Міхаіла Арханёла. Пры мясцовым кляштары з 1751 да 1831 года дзеяла дамініканская школа, дзе вучыўся аўтар «Пана Тадэвуша». Разам з Адамам Міцкевічам вучыўся і Ян Чачот, будучы польскі паэт, збіральнік фальклору.
Раім зазірнуць таксама ў Дом-музей Міцкевіча, у фондах якога захоўваюцца некалькі тысяч экспанатаў, сярод якіх – вялікая калекцыя твораў выяўленчага мастацтва. Будынак адноўлены на арыгінальных падмурках сядзібы і гаспадарчых пабудоваў сям’і Міцкевічаў паводле старых здымкаў. З часу Міцкевіча ў аўтэнтычным выглядзе тут засталася кухня. Кожная з 5 залаў музею ўвасабляе розныя перыяды жыцця Адама Міцкевіча з дапамогай карцінаў, кніг, рукапісаў, мэблі ды іншых рэчаў. Дакладна памятаюць Адама Міцкевіча гадзіннік, які стаяў у ягоным пакоі ў Вільні, і акуляры, што пэўны час належалі пісьменніку.
Візітоўка Наваградку – руіны замку, аднаго з наймагутнейшых умацаванняў на беларускіх землях у ХІV стагоддзі. Раней замак быў драўляны, першая каменная вежа тут была ўзведзеная ў ХІІІ стагоддзі. На замчышчы стаяла царква і княскі палац. Верагодна, тут спыняліся Вітаўт і Ягайла. З-пад замкавага пагорку да сёння б’е крыніца, вядомая ажно з ХІІІ стагоддзя, якая не замярзае нават у самыя лютыя маразы.
Падчас войнаў з Масковіяй ХVІІ стагоддзя Наваградскі замак моцна пацярпеў, яго вежы былі разбураныя, ён цалкам страціў свае абарончыя функцыі. На замчышчы пасвілі свіней, вывозілі сюды будаўнічае смецце. Камянямі з замку ў 1802 годзе брукаваліся вуліцы Наваградку. Толькі ў міжваенны час, калі Заходняя Беларусь апынулася ў складзе Польшчы, руіны замку былі ўзятыя пад ахову: правялі кансервацыю рэштак вежаў, узвялі апоры.
Побач з замчышчам знаходзім гатычны фарны касцёл ХІV стагоддзя. Паводле падання, вялікі князь ВКЛ Вітаўт узвёў фару на месцы капішча. У 1422 годзе ў гэтым касцёле пад замкавай гарою бралі шлюб Ягайла і Соф’я Гальшанская. Святыню моцна перабудавалі ў ХVІІІ стагоддзі ў стылі сармацкага барока. Тут жа хрысцілі Адама Міцкевіча.
У Наваградку хапае месцаў, дзе можна спыніцца і перакусіць. Звернем увагу на некалькі пунктаў. Па-першае, гэта «Кавярня», якая адчынілася ў снежні 2020-га ў будынку ХІХ стагоддзя на цэнтральнай плошчы Наваградку. Унутры на сцяне справа вісяць партрэты нашых нацыянальных герояў, у чыёй кампаніі даволі прыемна падняць філіжанку кавы за нашу і вашу свабоду паводле рэцэпту з «Пана Тадэвуша» і пакаштаваць смачныя самаробныя дэсерты.
Ёсць у горадзе напалову легендарная кавярня «У Пятроўны». Там, у крыху савецкім інтэр’еры, можна проста на месцы замовіць сабе чабурэк альбо закупіцца замарожанымі хатнімі пельменямі, мантамі ці галубцамі. Кажуць, што сюды адмыслова прыязджаюць і вывозяць пельмені торбамі некаторыя менчукі.
«Сёння пельменяў няма, толькі чабурэкі», – крыху грозна кажа ўласна Пятроўна і з грукатам кідае на кухонны стол падмарожанае цеста.
«Мы да вас не першы раз завітваем. Чабурэкі нейаверныя. Будзем вас раіць іншым», – кажам Пятроўне.
Яна безэмацыйна глядзіць на нас і па-філасофску кажа: «Можаце раіць, можаце не раіць. Але паглядзіце, колькі добрага пра нас пішуць у інтэрнэце!»
Так, сапраўды, водгукі пра месца вельмі добрыя. І паесці смачна можна, і адчуць мясцовы суровы каларыт.
У Наваградку яшчэ абавязкова пакаштуйце квас на аснове рысавага грыба. Улетку яго можна знайсці на разліў у розных пунктах гораду.
У такую спякоту заязджаем на возера Свіцязь – шмат у чым унікальнае і найвялікшае на Гарадзеншчыне. Адам Міцкевіч уславіў возера Свіцязь у сваіх баладах «Свіцязь», «Свіцязянка», «Рыбка».
Апошні пункт, звязаны з Адамам Міцкевічам – сядзіба Міцкевічаў у невялікай вёсцы Завоссе, што ўвайшла ў гісторыю сусветнай культуры як месца, дзе 24 снежня 1798 года нарадзіўся славуты паэт.
У 1998-м, да 200-годдзя Міцкевіча, сядзібу Завоссе адрадзілі паводле малюнкаў Эдуарда Паўлавіча ды Напалеона Орды і ператварылі ў музей.
Тут мы знаходзім крыты саломаю драўляны дом з ганкам на слупах, лямус і свіран. Тут прайшло дзяцінства паэта, тут падлеткам ён разам з братамі бавіў летнія вакацыі, сюды прыязджаў закаханым студэнтам, каб быць бліжэй да Марыі Верашчакі з Туганавічаў, што недалёка ад Завосся. Магчыма, менавіта гэтае роднае месца натхняла паэта ў далейшым на стварэнне баладаў, вершаў і паэмаў.
Для вас тут правядуць экскурсію па-беларуску і раскажуць розныя цікавінкі з жыцця і творчасці Міцкевіча. У аснове экспазіцыі – паэма «Пан Тадэвуш». Супрацоўнікі музею распавядаюць, што шмат намаганняў прыкладаюць для напаўнення дому арыгінальнымі рэчамі і прадметамі той эпохі, каб кожны наведнік меў магчымасць адчуць атмасферу тых даўніх часоў.
Вядома ж, мы не маглі не заехаць у яшчэ адно важнае месца: паміж вёскамі Малое Вольжава і Мохавічы Лідскага раёну проста ў полі ў 2017 годзе актывісты ўсталявалі помнік паўстанцам Каліноўскага – на месцы іхнага пахавання. У 1863 годзе тут адбыўся бой паміж касінерамі атраду Нарбута і расейскім войскам, падчас якога загінулі тры дзясяткі паўстанцаў.
Помнік уяўляе сабою мемарыял з камянёў, на адным з якіх напісана «Невядомым паўстанцам 1863». Па баках ад мемарыялу – два вялікія крыжы, праваслаўны і каталіцкі. Таксама знаходзім тут кветкі і партрэт палітычнага вязня ды вядомага актывіста з Бярозаўкі Вітольда Ашурка – ён браў удзел ва ўсталяванні мемарыялу, быў асуджаны пасля жнівеньскіх падзеяў 2020-га на 5 гадоў зняволення і загінуў у шклоўскай калоніі.
Бонус да нашага падарожжа – шыкоўныя летнія краявіды: прыгожыя-прыгожыя азёры, палі і шматлікія буслы (момант, калі разумееш, чаму бусел – сімвал Беларусі). Праязджаючы вёсачкі, звяртайце ўвагу на хаткі і двары: у некаторых месцах гаспадары вылучаюцца асаблівай арыгінальнасцю, але агулам у гэтай вясковай звычайнасці ёсць свая душэўнасць і штосьці вельмі блізкае ды роднае. Не бойцеся размаўляць з мясцовымі жыхарамі, найперш сталымі – гэта проста скарбніца цікавых гісторыяў і той Беларусі, якую мы паступова губляем. І абавязкова наведвайце вясковыя крамы. Іх своеасаблівы каларыт цягне на асобны артыкул, але гэта ўжо іншая гісторыя.
СП, ІК belsat.eu