Зварот з патрабаваннем адстаўкі міністра абароны за адзін дзень падтрымалі 4500 асобаў


Праз сэрвіс электронных зваротаў да дзяржаўных органаў zvarot.by праваабаронцы праводзяць кампанію супраць дзедаўшчыны ў арміі з патрабаваннем адстаўкі міністра абароны Беларусі Андрэя Раўкова. Сёння зранку было каля 3703 подпісаў, на гэты час – ужо больш за 4500 індывідуальныя паведамленні міністру.

Кампанія разгарнулася ў сувязі з жудасным выпадкам ў адной з вайсковых частак у Пячах, дзе ў склепе знайшлі 21-гадовага Аляксандра Коржыча павешаным са звязанымі нагамі. Сям’я і сябры ўпэўнены, што ён стаў ахвярай дзедаўшчыны.

«Афіцыйная ўлада ўпэўнівае нас у адсутнасці адносінаў па-за ўставам у беларускім войску. Трагедыя з маладым салдатам даказвае адваротнае…», – піша ў каментары да звароту праваабаронца Леанід Судаленка.

Інфармацыйная кампанія супраць дзедаўшчыны распачалася 11 кастрычніка і ў першыя ж гадзіны зварот стаў хутка распаўсюджвацца і набіраць подпісы.

«Спадзяюся, што міністру Раўкову ўжо паведамілі, што за яго адстаўку за адзін вечар і за адну ноч паставілі свае подпісы 3000 чалавек. І што ягоная ноч была неспакойнай», – напісаў сёння раніцай у сваім Facebook Андрэй Стрыжак, адзін з аўтараў звароту супраць дзедаўшчыны ў беларускім войску.

ВЧ, belsat.eu

Стужка навінаў