Федэральная пракуратура ЗША абвінаваціла былых футбольных функцыянераў з некалькіх краінаў у атрыманні хабараў ад Расеі і Катару, якія атрымалі права правесці чэмпіянат свету па футболе ў 2018 і 2022 гадах.
Паводле абвінавачання, былы віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі футбола (ФІФА) з Трынідаду і Табага Джэк Уорнэр атрымаў ад Расеі $ 5 млн, а былы чалец выканаўчага камітэта ФІФА ад Гватэмалы Рафаэль Сальгера – $ 1 млн за галасаванне за наданне Расеі права правесці чэмпіянат. Функцыянеры арганізацыі з Аргентыны, Парагваю і Бразіліі абвінавачаныя ў атрыманні хабараў ад Катара.
Расея і Катар атрымалі права на правядзенне чэмпіянатаў свету па футболе ў 2010 годзе. Расея тады перамагла Англію, Нідэрланды-Бельгію ды Іспанію-Партугалію, а Катар узяў верх над ЗША. Гэтыя вынікі адразу выклікалі падазрэнні. Больш за палову ўдзельнікаў галасаванняў, у тым ліку прэзідэнт ФІФА Ёзэф Блятэр, сталі аб’ектамі розных абвінавачванняў. Апошняга пасля адхілілі ад пасады прэзідэнта пасля расследавання, праведзенага ФІФА.
Цяперашнія абвінавачванні – першыя, у якіх сцвярджаецца, што Расея і Катар правялі чэмпіянаты свету, падкупіўшы чыноўнікаў ФІФА.
Прэс-сакратар прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў адпрэчыў абвінавачванні ў подкупе спартыўных чыноўнікаў. Паводле яго, Расея абсалютна законна атрымала права на правядзенне Чэмпіянату свету 2018 года, піша ТАСС.
МГ belsat.eu