Зоська Верас – жыццё па законах вестэрна


Зоська Верас

Сёння 125 гадоў з дня нараджэння Зоські Верас (Людвікі Сівіцкай).

Яна выдавала ў Вільні першы ў Беларусі часопіс для самых маленькіх чытачоў «Заранка», склала «Батанічны слоўнік», арганізавала таварыства «Пчала» і выпускала папулярны часопіс «Беларуская борць». Дзякуючы яе ўспамінам была адноўлена сядзіба ў Ракуцёўшчыне, дзе любіў адпачываць Максім Багдановіч, пражыла амаль сто гадоў і вырасціла на сваім гародзе ўнікальнае для Беларусі коркавае дрэва.

Усё жыццё ёй не хапала мець каля сябе моцных, надзейных мужчын.

Калі ў савецкім пракаце паказалі славуты вестэрн «Выдатная сямёрка», яна некалькі разоў яго пераглядвала. Фільм пра сапраўднае сяброўства, рамантычную бескарыслівасць, адчайную смеласць, уменне абʼяднацца перад небяспекай – як гэта было блізка самой Зосьцы Верас! Яна і сама нагадвала гераіню вестэрна – моцную, нязломную, рашучую. У дзяцінстве ехала з маці на брычцы, і коні нечакана панеслі. У апошнюю хвіліну перад крутым берагам спыніць іх змагла менавіта падлетак Людвіка.

Яе слухаліся і наравістыя жывёлы і не менш наравістыя людзі. Калі аднойчы да яе сябра пачалі чапляцца два пʼяных салдаты, аднаго суровага погляду дзяўчынкі было дастаткова, каб яны адлезлі.

Усё жыццё не яе баранілі мужчыны, а яна іх ратавала, дапамагала, апякала. Вызваляла з турмы свайго першага мужа Фабіяна Шантыра. Натхняла няўпэўненага Фларыяна Ждановіча стварыць у Менску тэатральную трупу. Матэрыяльна падтрымлівала зняволенага паэта Міхася Машару і выдала за свае грошы ягоны першы зборнік. Апякала хворага Максіма Багдановіча. Спрыяла творчаму станаўленню Сяргея Новік-Пеюна, калі друкавала яго творы ў «Заранцы». Вучыла Уладзіслава Галубка не пісаць пошлых (як ёй здавалася) камедый.

Беларускім дзеячам шанцавала мець каля сябе такую незвычайную Зоську Верас. А яна? Мара бачыць вакол сябе мужчын, не горшых па сваёй цвёрдасці і ўпэўненасці за герояў «Выдатнай сямёркі», марай і засталася.

Пасмейвалася са Змітрака Бядулі, які свае творы бясконца перарабляў (яна ж пісала без чарнавікоў) і баяўся прыходзіць на вечарынкі, каб не пачуць чаго антысеміцкага.

Аберагала свайго другога мужа ад багемнага ўплыву Францішка Аляхновіча. Здзіўлялася жыццёвай неспрактыкаванасці Макара Краўцова. Не разумела, чаму Ядвігін Ш., які меў медычную адукацыю, не хацеў лекаваць бежанцаў пад час Першай сусветнай вайны.

Увогуле, стамлялася ад іх бяздзейнасці: «Сядзелі, прамаўлялі, дыскутавалі і – таўкліся на месцы (….) у Менску нават Купалля не святкавалі /…/ Неяк пайшлі ў лес – Галубок, Ядвігін Ш., Фальскі, Бядуля, я. Пасядзелі гадзінку, памаўчалі і – вярнуліся».

Мужчына (ці не адзіны) якім яна захаплялася быў Фабіян Шантыр – рэзкі, бескампрамісны паэт і палітык, расстраляны бальшавікамі. Яе ўражвала яго смеласць ды незвычайная энергія. Таму не дзіўна, што менавіта ён стаў яе першым мужам, менавіта ад яго нарадзіла дзіця.

Для Зоські Верас таксама было загадкай, чаму беларускія мужчыны не могуць узвысіцца над сваймі слабасцямі, эмацыйнымі раскіданасцямі, не хочуць забыць пра сваё заўсёднае жаданне, каб іх шкадавалі і чухалі за вушкам. Таму не дзіўна, што яе любімыя эпізоды ў «Выдатнай сямёрцы» былі тыя, калі каўбоі (самастойна!) пачыналі пазбаўляцца ад сваіх недахопаў. Самы сквапны прыходзіў на дапамогу сябрам і згаджаўся абараняць сялян ад бандытаў без грошай, палахлівы – забываў пра страх і адзін мог забіць каля дзесяці падонкаў.

Гальяш Леўчык, Зоська Верас, Рамуальд Зямкевіч

Яна шмат чаго патрабавала ад беларускіх мужчын – перадусім заставацца мужчынамі. А таму яны яе паважалі, цанілі, скарыстоўвалі, але… не любілі. І калі ў 1917 г. Зоська Верас цяжка захварэла – ніхто не прыйшоў яе праведаць: «…страціла веру ў людзей. Тыя, хто так прыгожа гаварыў, пісаў /…/ якімі павінны быць адносіны паміж намі, беларусамі (»усё для чалавека«, »усе, як адна сям’я«), паказалі яўна, што іх словы ня маюць нічога супольнага з учынкамі. Праз час маёй хваробы ніхто не пацікавіўся, што са мной. Толькі ў канцы, як ужо пачала ўставаць, зʼявіўся Галубок». Пасля смерці ў 1948 г. яе мужа Антона Войціка: «…асталася абсалютна адна….ніхто не зайшоў /…/, адзіны раз зʼявіўся мастак П. Сергіевіч. Пабачыў, што жывая, на тым і скончылася».

Фабіян Шантыр

У Леаніда Дранько-Майсюка галоўная гераіня паэмы «Гарадчанка» гатовая была нявартага яе, няўдзячнага мужчыну «секануць цяжкой сякерай». Зоська Верас выбрала іншае.

Усю сваю энергію яна аддала пчолам і раслінам. Пра яе часопіс «Беларуская борць» захоплена пісалі ў Варшаве, пчалярскае таварыства «Пчала» арганізоўвала ўнікальныя майстар-класы, якіх чакалі з нецярпеннем. Яе сад называлі сапраўдным батанічным раем.

Да яе шмат прыходзіла гісторыкаў, мастакоў, даследчыкаў. Прасілі падзяліцца ўспамінамі, унікальнымі лістамі і рукапісамі. Са шляхетнай гасціннасцю яна прымала гасцей, цярпліва адказвала на пытанні, выдатна разумеючы, што і тут яе з большага ўсяго толькі скарыстоўваюць.

Зоська Верас у сцэнічным касцюме, 1913 г.

Жыццё Зоські Верас развівалася па законах вестэрна. У класічных стужках гэтага жанру галоўны герой, пастарэлы каўбой, які страціў эмацыйную сувязь з дзецьмі, не можа прымірыцца з сучасным яму раздражняльным светам, нечакана знаходзіць прыхільніка і памочніка ў асобе захопленага рамантычнага юнака, які становіцца яму сапраўдным сябрам.

Падобнае было і ў яе. Напрыканцы жыцця (калі зусім страціла слых) пісала: «…я адзінокая, бо глухая /…/ удома… гавораць паміж сабой /…/ я нічога не разумею і адчуваю сябе нейкім дурнем… Адзінае з кім сябе добра адчуваю, дык гэта са сваім унукам Слаўкам, якога неяк інтуітыўна разумею. Слоў ня чую, а – разумею».

Глядзіце таксама:

Васіль Дранько-Майсюк, belsat.eu

Стужка навінаў