Жыхару Мастоў далі штраф за акцыю, на якой яго не было


zrzut-ekranu-2016-11-26-o-14-50-56

Васіль Клімовіч

Суд вынес нечаканае рашэнне ў адносінах да актывісту Руху «За Свабоду» з Мастоў Васіля Клімовіча.

Яго аштрафавалі за ўшанаванне памяці паўстанцаў Каліноўскіх у Свіслачы, на якім актывіст не быў, – на 9 базавых велічыняў (189 рублёў).

«Асудзілі мяне ні за што. У гэтым годзе ніхто з мастоўскіх не быў. Я звычайна іх на сваёй машыне вазіў, а тут у мяне не атрымалася», – распавёў Васіль Клімовіч.

Паводле яго, што пасля акцыі праз ягоную маці з ім звязаўся ўчастковы і папрасіў прыйсці ў пастарунак.

«Сказаў, што па справе паводле ч. 1. арт. 23.34 (парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў) і размахвання сцягам. Я не пагадзіўся з пратаколам, сказаў, што не быў там», – адзначыў актывіст.

Суддзя паверыў сведкам-міліцыянтам

Судовы працэс быў прызначаны на 2 снежня ў Мастах, аднак 25 лістапада Васіля Клімовіча тэрмінова выклікалі ў суд.

«Я падумаў, што проста азнаёміцца са справай, прыходжу, а там пачаўся сапраўдны суд. Было двое сведкаў-міліцыянтаў з Ваўкавыску і Свіслачы», – дадаў Клімовіч.

Сведкі заявілі, што гэта Клімовіч быў на акцыі, былі прадэманстраваныя матэрыялы відэафіксацыі.

«Я казаў, што гэта не я, а падобны на мяне чалавек. Але сведкі думалі, што гэта я, і суддзя так думаў. Я прыводзіў сведчанні жонкі, бацькоў, якія маглі пацвердзіць, што я ў той дзень не выязджаў з Мастоў. Аднак суддзя не паверыў і аштрафаваў мяне на 9 базавых велічыняў», – заўважыў актывіст.

І дадаў, што абскардзіць судовае рашэнне, а таксама падасць скаргу на сведкаў-міліцыянтаў у пракуратуру.

У сёлетнім сакавіку падобная гісторыя здарылася з вядоўцам «Белсату», філосафам Уладзімірам Мацкевічам – яго таксама судзілі за ўдзел у акцыі, на якой яго не было. У час правядзення акцыі ён увогуле знаходзіўся за мяжой.

Каментар Уладзіміра Мацкевіча пра суд

На судзе Уладзімір Мацкевіч паказаў штампы ў пашпарце, якія сведчылі, што яго не было ў краіне, а таксама квіткі на самалёт. У выніку суддзя накіраваў справу на дапрацоўку, пасля чаго Мацкевіч накіраваў заяву ў пракуратуру з просьбай прыцягнуць да адказнасці траіх міліцыянтаў, якія далі ілжывыя сведчанні.

Пазней міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч прызнаў памылку міліцыянтаў, у сваю чаргу Уладзімір Мацкевіч напісаў кіраўніку МУС адкрыты ліст, у якім апісаў сваё стаўленне да сітуацыі.

НМ, belsat.eu, паводле pyx.by, фотаздымак з сацыяльных сетак

Стужка навінаў