Уладзімір Мацкевіч: Гэта яны падставіліся, няхай цяпер адказваюць!


Вядоўцу «Белсату» і філосафа Уладзіміра Мацкевіча судзілі за «ўдзел у акцыі» ў Менску, падчас якой ён быў у Варшаве.

Уладзімір Мацкевіч паказаў пячаткі ў пашпарце і папрасіў далучыць да справы авіяквіткі. Усё каб даказаць сваю адсутнасць у краіне падчас акцыі, за якую яго судзілі.

Філосаф і вядоўца «Белсату» Уладзімір Мацкевіч трапіў у курʼёзную сітуацыю. Яго хочуць аштрафаваць за нібыта «удзел у несанкцыянавай акцыі». Справа ў тым, што падчас гэтай акцыі Уладзімір Мацкевіч… знаходзіўся ў іншай краіне.

«Мацкевіч просіць далучыць да справы авіяквіткі і пашпарт з адзнакамі, якія даказваюць, што яго 15 лютага не было ў Беларусі. Твар Шабуні (суддзя) заграў нездаровым румянцам. А вось фізіяноміі амапаўацаў як бальзамаваны Ілліч», – напісаў у Facebook з залы суда Анатоль Лябедзька.

Журналіст Зміцер Лукашук у Facebook апублікаваў фотаздымкі старонак пашпарту Уладзіміра Мацкевіч, на якіх бачныя тыя самыя адзнакі аб перасячэнні мяжы: выезд з краіны 14 лютага, прыезд 16 лютага. У той час як вядоўцу праграмы «Размова дня» вінавацяць ва «удзеле» у акцыі ў Менску 15 лютага.

Сведкі – супрацоўнікі Якаўлеў і Шышко А – у судзе сцвярджалі, што бачылі Мацкевіча на акцыі з плакатах «Працу!» у руках. Суддзя Вікторыя Шабуня вынесла пастанову аб накіраванні адміністрацыйнай справы на дапрацоўку ў РУУС Цэнтральнага раёну Менску.

НМ, belsat.eu

Фота Зміцер Лукашук

Стужка навінаў