Ужо ў панядзелак ён мусіць вярнуцца на содні.
Сёння Змітра Лупача, журналіста з Глыбокага, які супрацоўнічае з «Белсатам», выпісалі з рэанімацыі, дзе ён знаходзіўся ад 11 траўня. Ён пісаў хадатайніцтва, каб выкананне прысуду перанеслі на тры месяцы. Аднак як толькі ён вярнуўся дадому, яму ўручылі пастанову і сказалі прыехаць у ізалятар часовага ўтрымання ў панядзелак.
Зараз журналіст добра пачуваецца.
«Мне збілі ў рэанімацыі ціск, зрабілі кардыяграму. Было падазрэнне на інфаркт, аднак на ўльтрагукавым даследаванні высветлілася, што справа ў стэнакардыі», – распавядае Зміцер Лупач.
Паводле Змітра, у яго ніколі не было праблем з сэрцам. Першы танометр у ягоным доме з’явіўся 26 красавіка. Другі раз ён спатрэбіўся ўжо на судзе, дзе ў журналіста адбыўся прыступ пасля абвяшчэння прысуду.
Хоць гэта першы адміністрацыйны арышт Змітра, ён і раней уяўляў, што такое содні. Дапамаглі аповеды былых палітвязняў.
«Мне сорамна было, што дажыў да 52 гадоў і не сядзеў на соднях. Магу калегам у вочы глядзець», – жартуе Зміцер.
Зміцер зазначае, што ў ізалятары часовага ўтрымання да яго вельмі карэктна і ветліва ставіліся. Найбольш цяжкім было перажыць адсутнасць інфармацыі.
«Я пастаянна намагаюся быць у курсе падзей. А тут апынуўся ў месцы, дзе нават час можна даведацца толькі па званах на касцёле», – кажа журналіст.
Змітра Лупача затрымалі ў пятніцу 8 траўня. Суд над журналістам адбыўся ў панядзелак 11 траўня.
Яго пакаралі 10 соднямі адміністрацыйнага арышту і штрафам у 1215 рублёў. Прычына – стрым з сустрэчы з блогерам Сяргеям Ціханоўскім у Глыбокім і супрацоўніцтва з «Белсатам».
КТ Belsat.eu