Журналіст размаўляў з людзьмі на вуліцы. Паводле ўладаў – «незаконна вырабляў СМІ»


Незалежнага журналіста Алеся Ляўчука будуць судзіць у Ленінскім судзе Берасця 24 снежня. «Прыходзьце, будзе цікава», – запрашае на працэс усіх неабыякавых спадар Ляўчук.

Працэс у Берасці мае быць 14-ым судом за год, дзе будуць судзіць журналіста за ягоную працу, падае Беларуская асацыяцыя журналістаў.

18 снежня Алесю Ляўчуку патэлефанаваў старшы ўчастковы інспектар РАУС Ленінскага раёну Берасця Андрэй Кажэнка, які паведаміў, што супраць незалежнага журналіста ўзбуджаны адміністрацыйны працэс. Спадару Ляўчуку міліцыянт паведаміў, што ён мусіць з’явіцца ў пастарунак для апытання, прычым мусіць зрабіць гэта як мага хутчэй, паколькі «тэрміны ціснуць», бо пратакол быў першапачаткова ў іншых аддзяленнях міліцыі.

«Я адразу папярэдзіў супрацоўніка, што ўсе варта рабіць паводле закону, і без позвы ў РАУС я ісці не збіраюся, – распавёў «Белсату» незалежны журналіст. – Участковы асабіста паабяцаў даставіць мне позву дадому, але слова сваё не стрымаў. Далей пачалося поўнае бяспраўе. 20 снежня мае бацькі па пошце атрымалі заказны ліст, у якім знаходзіўся складзены на мяне пратакол паводле часткі 2 артыкула 22.9 КаАП РБ (незаконны выраб і распаўсюд сродкаў масавай інфармацыі), які быў складзены нават без маіх тлумачэнняў, бо мне так і не выслалі позву. Пры гэтым міліцыянт ілжыва сцвярджае ў пратаколе, што я «адмовіўся падпісаць пратакол і азнаёміцца з ім».

Незалежны журналіст падкрэсліў «Белсату», што пратакол складзены са шматлікімі парушэннямі: выпраўленая дата яго складання, у ім прысутнічаюць фармулёўкі тыпу «…чым здзейсніў незаконны выраб сродкаў масавай інфармацыі». «Як гэта разумець?», – пытаецца спадар Ляўчук.

У пратаколе сцвярджаецца, што 24 лістапада берасцеец, не маючы акрэдытацыі ў якасці журналіста на тэрыторыі Беларусі, зрабіў інтэрвю з грамадзянінам Цымбаловым Д.З., якое змясціў на сайце польскага тэлеканалу «Белсат», «чым здзейсніў незаконны выраб сродкаў масавай інфармацыі».

«На мой погляд, звесткі адлюстраваныя ў пратаколе не адпавядаюць рэчаіснасці. Немагчыма да фiзiчнай асобы выкарыстаць артыкул, які стасуецца да юрыдычных асобаў. Паколькі зразумела, што я ніякім чынам не мог вырабіць сродак масавай інфармацыі. І ўжо тым больш, знаходзячыся на вуліцы Савецкай у Берасці размясціць матэрыял на сайце тэлеканалу ў Польшчы. Да таго ж ніякім чынам не даказана, што я асабіста наагул вырабіў які-небудзь матэрыял, і што я яго размясціў на сайце тэлеканалу «Белсат», – скаментаваў спадар Ляўчук.

У пратаколе гаворыцца таксама, што журналіст не меў акрэдытацыі для працы ў Беларусі. «Але не зразумела, адкуль у Кажэнкі такія высновы? Якая было праведзена расследаванне для вызначэння наяўнасці або адсутнасці ў мяне акрэдытацыі? Таму сцверджанні ў пратаколе галаслоўныя», – зазначыў журналіст.

У бліжэйшы час спадар Ляўчук накіруе скаргу на дзеянні ўчастковага ў пракуратуру Ленінскага раёну Берасця.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў