Азербайджанскі журналіст і дысідэнт Маўсун Гаджыеў распавёў «Белсату» пра сітуацыю з правамі чалавека ў сваёй краіне.
Маўсун Гаджыеў быў вымушаны з’ехаць з краіны ў Беларусь, а потым у Нямеччыну.
«Белсат»: Маўсун, вы доўга жылі і працавалі ў Беларусі. Параўнайце, дзе ўлады дзейнічаюць больш жорстка: у Беларусі ці ў Азербайджане?
Маўсун Гаджыеў: Калі гаварыць пра тое, дзе страшней, тыдзень таму ў Беларусі было 7 палітзняволеных, у Азербайджане – больш за 200.
У Азербайджане арыштаваць чалавека могуць за каментар у Facebook, праблемы пачынаюцца за «падабайкі». Лукашэнку да гэтага трэба «расці» ды «расці».
15 гадоў таму пры кіраванні Гейдара Аліева можна было сказаць, што ў Азербайджане сітуацыя нашмат больш ліберальная, чым у Беларусі, бо ў парламенце была апазіцыйная фракцыя. Спакойна выходзілі незалежныя СМІ, праходзілі нейкія мітынгі, амаль не было палітзняволеных. Але цяпер сітуацыя вельмі змянілася. У Азербайджане дзейнічаюць два дысідэнцкіх тэлеканала, накшталт «Белсату». Адзін вядзе трансляцыю з тэрыторыі Нямеччыны, другі – з тэрыторыі Францыі. Кіраўнікі абодвух тэлеканалаў перабываюць у статусе палітэмігрантаў, дысідэнтаў, улады не могуць да іх дацягнуцца, і таму пачаліся арышты іх сваякоў. Дайшло да маразму, калі сваякоў аднаго з іх выклікалі, прымушалі пісаць заявы, што яны нібыта асуджаюць дзейнасць кіраўніка каналу, і толькі пасля гэтага людзям давалі гарантыі таго, што не будзе непрыемнасцяў. Гэта ўжо нешта блізкае да Туркменістану.
Размова цалкам – у відэаверсіі вышэй.