Лукашэнка: Дзяржаўная ідэалогія на душу мне не лягла


Кіраўнік Беларусі надаваў аплявух расейскім СМІ, пахваліўся надоямі і раскрыў тайну фінансавання «Правага сектару». Лепшае з маналогу на сённяшняй прэс-канферэнцыі з прадстаўнікамі расейскага медыярынку.

1 Бранск, Пскоў і Смаленск нашыя

Лукашэнка прыгадаў, як аднойчы пажартаваў з Уладзімірам Пуціным пра захоп беларускіх земляў расейскімі войскамі. Калісьці пскоўскія, смаленскія і бранскія землі належалі Беларусі. «Давядзецца падзяліцца!» – сказаў Лукашэнка расейскаму лідару.

2 Януковіч фінансаваў «Правы сектар»

«Віктар Фёдаравіч (Януковіч) фінансаваў «Правы сектар». Бо ён супраць Юлі (Цімашэнкі) будзе», – сказаў Аляксандр Лукашэнка. І дадаў: «Стварыў сілу, якая яго і знішчыла».

3 Захад мяне не любіць

«Там мяне ніколі не любілі і не палюбяць. Я вельмі просталінейны і шчыры. Я лічу, што палітыка – брудная справа. Я раблю ўсё, каб паказаць, што палітыку можна рабіць чыстымі рукамі».

4 Пра «ЛНР» і «ДНР»

«Калі б не Расея, то дні «ЛНР» і «ДНР» ужо б скончыліся. Расея з шэрагу прычын вымушаная там прысутнічаць».

5 Пра Крым, Хрушча і стабільнасць

« Для Расіі далучэнне, для Украіны – захоп. Я ў гэтым пытанні заўсёды стабільны….Цяпер кажуць, а вось ведаеце Хрушч такі-сякі аддаў Украіне Крым. Гэта не так! Нам была дадзеная гарантыя. Гэта недапушчальна, калі нейкая дзяржава парушае тэрытарыяльную цэласнасць. Гэта няправільна».

6 Расея бацьку не паслухала

«У нас быў свой план урэгулявання канфлікту (на Данбасе – belsat.eu). Я закладваў галаву, што мы стабілізуем сітуацыю. Я прапаноўваў гэты план і Расеі, але і Расея адмовіла. Я баюся, што Украіна стане арэнай супрацьстаяння двух вялікіх сілаў. Гэта будзе піяніна – адныя будуць граць па адным баку, а другія па другім. План прыняты не быў, значыць, гэта бойня камусьці патрэбная».

7 Пра інавацыйную сельскую гаспадарку

«Беларускія даяркі не бачаць малака. Падключыла апарат да саскоў і малако пайшло”.

8 Пра цяжкую размову з Пуцінам

«Слухай, што ты ўперся. Ну дай ты гэтыя мільярд ці два. Ён кажа, мы ж розныя дзяржавы. А я кажу…мы ж зборачны цэх. І ён з гэтым пагадзіўся».

9 Мы не нахлебнікі, а памочнікі Расеі

«Мы для Расеі апошняе акно ў Еўропу». …Танкі на Маскву ніколі не прапусцім».

10 Пікантныя пытанні імперскіх амбіцыяў

«У іх жа (Расея, Казахстан – belsat.eu) нафты валам. Я пытаю, для чаго такі саюз, для таго каб задушыць Беларусь? Я не буду ўдзельнічаць у такім саюзе. Прыдумалі палову мытаў забіраць, палову застаўляць. Сваймі манеўрамі ў нас забралі 1,5 мілрд. у расейскі бюджэт. Адправіў Сямашку на перамовы. Прыехаў, кажа 700 млн аддадуць, на больш няма крыніцаў. Я кажу як няма? У нас забралі ў расейскі бюджэт, хай з яго і аддаюць. Пасля доўгіх перамоваў аддалі кампенсацыю. Прабачце, але такія паводзіны, называюць імперскімі амбіцыямі».

11 Лукашэнка – чалавек, які думае пра іншы канец палкі

У нас было шмат прапановаў і я лёгка мог Захаду пстрыкнуць па носе. У іх іншай дарогі няма. Вы санкцыі супраць мяне, а я супраць вас. І закрыць вензель. Але б пакутвала Расея. Трэба думаць пра іншы канец палкі.

Мы вытрымалі, пайшлі ў Кітай, Венесуэлу, Інданезію. Зараз яны зразумелі, што санкцыі былі няправільнымі. Нават майму пацану забаранілі ўезд (у Еўропу – belsat.eu), ён жа ў выбарах не ўдзельнічаў!

12 Пра прахадзімцаў і імідж

«Я не хачу быць ні пасярэднікам ні міратворцам. Такія прахадзімцы набіваліся быць міратворцамі, у найгоршым выпадку для свайго іміджу. У мяне заўтра выбары, я не хачу сапсаваць свой імідж. Я быў гатовы да выкарыстання сваіх войскаў, а тады ўсё толькі пачыналася. А цяпер там вельмі небяспечна. Такое месіва. Там сілы, якія кіруюцца ды нікім не кіруюцца».

13 Просім, просім у старэйшага брата, а не даюць

«Дайце нам аўтамат бясплатна», – папрасіў у Расеі з трымценнем у голасе Аляксандр Рыгоравіч.

14 Пра апазіцыйную прэсу

«У асноўным блявоціна».

«Аніякага важдызму. Майго партрэту вы нідзе не пабачыце. Я спрабаваў стварыць ідэалогію, але нічога на душу мне не лягло»

15 Пра ідэалогію

У Беларусі няма такой дзяржаўнай ідэалогіі, якая была ў СССР, калі «ці то пудрылі мазгі, ці то мы самі да гэтага прыходзілі», заявіў Аляксандр Лукашэнка. «Я заўсёды даручаў, стараўся сам вынайсці вось гэтую дзяржаўную ідэалогію, але каб мне нешта лягло на душу – не лягло, – сказаў лідар Беларусі. – З майго пункту гледжання, ні я не вынайшаў такога, ні мае памочнікі. Тыя, хто займаецца ідэалогіяй, кажуць, што ў нас дзяржаўная ідэалогія ёсць. Я як прэзідэнт ім кажу, што яна мне на душу, на сэрца не кладзецца, а як яна простаму чалавеку ляжа?» – сказаў Лукашэнка.

16 «Прэзідэнтам нараджаюцца»

Лукашэнка перакананы ў тым, што «прэзідэнтам не становяцца, ім нараджаюцца». «Штосьці такое нябачнае мусіць быць у чалавеку ад нараджэння. Такіх людзей шмат у свеце. І калі народ абірае такога чалавека, ён яго будзе падтрымліваць заўсёды і дараваць яму памылкі. Я ў разважаннях прыйшоў да гэтай высновы: нельга стаць прэзідэнтам, моцным, нармальным, калі з народам у цябе няма гэтага людскага, чалавечага», – прызнаў лідар Беларусі.

17 «Гранты для апазіцыі – таксама інвестыцыі»

Паводле Лукашэнкі, крайнія беларускія нацыяналісты – Беларускі народны Фронт – выходзілі з Інстытуту гісторыі Акадэміі навук. Цяпер жа апазіцыйныя партыі малалюдныя, а іх асноўная задача – «выгандлёўваць» гранты. «Гэта таксама інвестыцыі», – заўважыў кіраўнік Беларусі.

18 «Усе мы прыйшлі ад дзярма»

Лідары мяняюцца, а інтэлігенцыя застаецца, таму яе нельга прыніжаць, падкрэсліў Лукашэнка. «Як нельга зневажаць грамадства ў цэлым і памятаць, адкуль ты сам прыйшоў. Усе мы, дарагія мае мужыкі і дзяўчынкі, прыйшлі адтуль – ад таго простага, звычайнага дзярма, у якім калупаецца вялікая частка сённяшняга нашага грамадства, якому мы не стварылі нармальных ўмоў для жыцця», – звярнуўся Лукашэнка да расейскіх журналістаў у самым канцы прэс-канферэнцыі.

ЮВ, ДР, МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў