Зборная Беларусі паедзе ў Францыю на чэмпіянат свету


Фота: pressball.by

Пяты раз запар і сёмы раз у сваёй гісторыі мужчынская гандбольная зборная Беларусі выступіць на топ-турніры. У раўндзе плэй-оф чэмпіянату свету беларуская каманда па суме двух матчаў абыграла зборную Латвіі.

12 чэрвеня ў Менску ў першым матчы плэй-оф нашая зборная з лікам 26:24 перамагла Латвію, але ў матчы ў адказ саступіла латвійцам – 26:28, але выйшла ў фінальны турнір чэмпіянату свету дзякуючы большай колькасці мячоў закінутых на чужой пляцоўцы. У беларускай зборнай галы запісалі на свой рахунак Сяргей Рутэнка – 8 Барыс Пухоўскі – 5 Максім Баранаў – 4 Сяргей Шыловіч, Андрэй Юрынок, Арцём Каролек – па 3.

У кожнай з камандаў ёсць яркая зорка. У латвійцаў Дайніс Крыштапанс – адзін з самых высокіх гандбалістаў свету (яго рост 2 метры 15 сантыметраў). Цікава, што Крыштапанс гуляе ў Беларусі і выйграў у гэтым годзе з БГК чэмпіянат імя Мяшкова і Кубак Беларусі. У Менску ў першым матчы плэй-оф Дайніс закінуў нашай зборнай дзевяць мячоў, у матчы ў адказ у Латвіі і таго больш, роўна палову ўсіх мячоў зборнай Латвіі – чатырнаццаць.

Лідар беларускай зборнай Сяргей Рутэнка – адзін з самых зорных гульцоў свету. З іспанскімі «Сьюдад Рэалам» і «Барселонай» ён шэсць разоў выйграваў Лігу чэмпіёнаў і восем разоў чэмпіянат Іспаніі, двойчы клубны чэмпіянат свету, быў лепшым бамбардзірам чэмпіянату Еўропы і двойчы Лігі чэмпіёнаў – самага прэстыжнага клубнага турніру свету. У Латвіі Рутэнка закінуў 500-ты гол за зборную Беларусі і забіў пераможны гол, які вывеў Беларусь на чэмпіянат свету ў Францыю. На рахунку Рутэнкі стала 507 закінутых мячоў, больш толькі ў Барыса Пухоўскага (675) і Івана Броўкі (544).

На фінальныя топ-турніры зборная Беларусі рэгулярна стала прабівацца з прыходам у каманду трэнера Юрыя Шаўцова. У 2013 годзе на чэмпіянаце свету ў Іспаніі зборная Беларусі была пятнаццатай, праз год у Даніі заняла дванаццатае месца на чэмпіянаце Еўропы, у 2015 годзе была васемнаццатай на чэмпіянаце свету ў Катары, а ў гэтым годзе заняла высокае дзясятае месца на чэмпіянаце Еўропы ў Польшчы. Ні адна з беларускіх зборных не можа пахваліцца такімі стабільнымі дасягненнямі. Чэмпіянат свету-2017 пройдзе ў студзені ў Францыі.

Алесь Ляўчук, belsat.eu

Стужка навінаў