Заўтра «Малады фронт» ладзіць акцыю памяці ахвяраў КДБ


Беларусаў заклікалі выйсці да сценаў будынку КДБ, каб ушанаваць памяць ахвяраў рэпрэсіяў.

Акцыя адбудзецца 29 кастрычніка а 19 гадзіне. «Малады фронт» заклікае прыходзіць пад сцены будынку КДБ са знічкамі і з партрэтамі забітых камуністычнымі карнікамі.

«Камуністычны рэжым Савецкага саюзу імкнуўся перадусім да таго, каб знішчыць нацыянальную эліту Беларусі, тым самым знішчыўшы адрозненні паміж «братнімі народамі» і падпарадкаваўшы нашу краіну Маскве.

Мы заклікаем усіх да будынку КДБ на акцыю памяці іхных ахвяраў, каб заявіць нашчадкам зладзеяў, што рана ці позна, але злачынства будзе асуджанае. Каб перад «старэйшым братам» засведчыць, што насуперак усім злачынствам Беларусь жыве і будзе жыць», – распавёў пра акцыю лідар «Маладога фронту»Зміцер Дашкевіч.

Чытайце таксама >>> Гісторык Ігар Кузняцоў: Беларусы не ўбачаць расстрэльных спісаў

29 кастрычніка 1937 года – адна з самых страшных датаў у гісторыі Беларусі. У ноч з 29 на 30 кастрычніка ў сутарэннях НКУС расстралялі больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлектуальнай эліты. Паводле расстрэльнага спісу былі забітыя выбітныя дзеячы беларускай культуры, сярод якіх – Алесь Дудар, Міхась Чарот, Анатоль Вольны, Платон Галавач, Міхась Зарэцкі, Валеры Маракоў, Васіль Сташэўскі, Тодар Кляшторны, Янка Нёманскі.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў