Міліцыянты затрымалі лідара «Маладога фронту» ў раёне Камароўскага рынку. Пра гэта ў Фэйсбуку паведамляе Наста Дашкевіч, ягоная жонка.
Сёння аб 11-ай «Малады фронт» заклікаў менчукоў да публічнага падпісання звароту ў Мінкульт за ўключэнне бел-чырвона-белага сцяга ў спіс гістарычных каштоўнасцяў.
Паводле інфармацыі моладзевай арганізацыі, у падпісанні «абяцалі прыняць удзел вядомыя рупліўцы на ніве Беларушчыны». Па дарозе на акцыю лідара «Маладога фронту» затрымалі.
«Затрымалі Змітра Дашкевіча ў раёне Камароўкі. Зацягнулі ў срэбраны бус, ззаду якога ехала міліцэйская машына» – піша ягоная жонка.
Наста Дашкевіч дадае, што акцыя адбудзецца – публічны пікет пачнецца аб 11:00 ля крамы «Цэнтральная» і будзе доўжыцца ўвесь дзень – да 20:00.
«Малады фронт» збірае подпісы за вяртанне бел-чырвона-белага сцяга з 19 верасня.
«Я планую збіраць подпісы кожны дзень апроч нядзелі, – распавядае Зміцер Дашкевіч. – У планах сабраць ня менш за тысячу подпісаў і гэта рэальна. Пасля працы я стаю на выхадзе з метро Купалаўская ў бок крамы «Цэнтральная» і штогадзіны падпісваецца каля дваццаці чалавек. Да кампаніі пачынаюць далучацца і іншыя актывісты, кожны зь якіх таксама бярэ на сябе адказнасць сабраць тысячу подпісаў. Мяркуецца, што праз месяц мы панясем подпісы да Міністэрства культуры» – заяўляў нядаўна Зміцер Дашкевіч.
А 16:00 стала вядома, што Змітра Дашкевіча і яго паплечніка Сяргея Пальчэўскага, якіх раніцай 24 верасня затрымала міліцыя, адпусцілі без складання пратаколаў.
Першы подпіс пад грамадскім зваротам паставіў актор Павел Харланчук.
ДД, belsat.eu