Забойцу Барыса Нямцова далі 20 гадоў строгага рэжыму


Маскоўскі акружны вайсковы суд вынес вырак па справе аб забойстве палітыка Барыса Нямцова, паведамляе Meduza.

Заур Дадаеў, прызнаны судом непасрэдным выканаўцам забойства, прысуджаны да 20 гадоў калоніі строгага рэжыму. Абвінавачванне прасіла прызначыць яму пажыццёвае зняволенне.

Таксама абвінавачанне прасіла пазбавіць яго звання лейтэнанта і ордэна Мужнасці. Суд задаволіў гэтае патрабаванне.

Іншыя фігуранты справы аб забойстве Нямцова прысуджаныя да доўгіх тэрмінаў пазбаўлення волі.

Анзор Губашаў атрымаў 19 гадоў калоніі строгага рэжыму, ягоны брат Шадзід – 16 гадоў. Абвінавачванне прасіла для Анзора Губашава 23 гады калоніі строгага рэжыму, а для Шадзіда Губашава – 21 год.

Тэмірлану Эскерханаву суд прызначыў пакаранне ў выглядзе 14 гадоў строгага рэжыму (абвінавачванне прасіла 19 гадоў). Хамзата Бахаева прысудзілі да 11 гадоў калоніі. Абвінавачванне прасіла для Бахаева 17 гадоў.

Усе падсудныя па справе аб забойстве Барыса Нямцова сваю віну не прызнаюць. Адвакаты маюць намер абскардзіць вырак.

Барыса Нямцова забілі познім вечарам 27 лютага 2015 года ў цэнтры Масквы на Вялікім Маскварэцкім мосце. Замоўцам і арганізатарам забойства следства лічыць былога афіцыэра батальёну «Север» Руслана Мухудзінава. Ён знаходзіцца ў вышуку і абвінавачванне яму прадʼяўленае завочна.

Пытанні застаюцца

У леташнім лютым юрысты грамадскай арганізацыі «Камітэт па перадухіленні катаванняў» падалі скаргу ў Еўрапейскі суд па правах чалавека, заявіўшы пра катаванні Заура Дадаева.

Сам Дадаеў у сакавіку 2015 года распавёў чальцам Грамадскай назіральнай камісіі Масквы, што яго скралі і некалькі дзён катавалі, прымушаючы даць прызнальныя паказанні па справе аб забойстве Нямцова.

Следчы камітэт Расеі правёў праверку па заяве аб катаваннях Дадаева, аднак ніякіх парушэнняў не знайшоў, і ва ўзбуджэнні крымінальнай справы было адмоўлена.

Праграма «Вот так» пра справу аб забойстве Нямцова

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў