Забойца Міхаіла Пішчэўскага выйшаў на волю раней, чым планавалася, і не плаціць кампенсацыю


На волю прызнаны ў забойстве Міхаіла Пішчэўскага Дзмітрый Лукашэвіч павінен быў выйсці ў канцы лета 2017-га. Аказалася, Лукашэвіч ужо 5 месяцаў на волі.

«Ды ён ужо на волі са студзеня. Сказала судовая выканаўца, што дагэтуль нідзе не працуе, таму грошай ад яго мы не атрымліваем. Як сядзеў пасля суду спачатку ў СІЗА, а потым трапіў у калонію, дык за гэты час судовыя выканаўцы змаглі з яго спагнаць толькі па 50 рублёў нам з братам ды 120 маці. Усяго 220. Гэта ўсё за 9 месяцаў. Маёмасці ў яго, сказалі, няма, браць няма чаго. Карацей, намякалі нам падчас суду, што нічога мы ад яго не атрымаем, гэтак і выходзіць», – распавяла «Свабодзе» сястра нябожчыка Міхаіла Пішчэўскага Таццяна.

Лукашэвіч павінен выплаціць сямʼі Пішчэўскага каля 20 тысяч рублёў.

Па справе забойства Міхаіла Пішчэўскага адбылося тры суды. Лукашэвіч прызнаў сябе вінаватым у хуліганстве, вынікам якога стала смерць чалавека, але адмаўляе, што ўдарыў яго, бо варожа ставіўся да яго як да гея.

Канфлікт каля менскай кавярні «Андэрволд» здарыўся амаль тры гады таму. Лукашэвіч, былы настаўнік фізкультуры, збіў Міхаіла. Пасля году ў коме 27 кастрычніка 2015 году 35-гадовы Пішчэўскі памёр.

17 траўня ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў