Вінаградаў пасля вынясення спагнання: Мае планы на 25 – быць на 25! (абноўлена)


У судзе Маскоўскага раёну горада Менску а 11:00 пачаўся разгляд адміністрацыйнай справы грамадзянскага актывіста «Zмены» Паўла Вінаградава. Суддзя аштрафаваў актывіста на 50 базавых велічыняў.

Updt.

Павел Вінаградаў пракаментаваў belsat.eu рашэнне суддзі:

«Дзякуй, што не содні! Мабыць, грамадзяне еўрапейцы і наагул міжнародныя арганізацыі далі нейкі сігнал афіцыйнаму Менску. Можа быць учора, можа быць, пазаўчора. І яны вырашылі ўсё ж такі ўсіх не зачыняць за нібыта правапарушэнні месячнай даўнасці. А я ўжо думаў, што ўсё! І нават зʼехаў з гораду з гэтай нагоды».

На пытанне, якія ў лідара «Zмены» планы на 25 сакавіка, ён адказаў проста:

«Мае планы на 25 – быць на 25!», – і дадаў – «Нехта зараз кажа, што трэба ісці пратэставаць, хтосьці кажа, што трэба ісці святкаваць, а не пратэставаць. А я лічу, што адно другому не перашкаджае. І разбярэмся на месцы, у залежнасці ад таго, колькі будзе людзей».

Адміністрацыйная справа распачатая паводле ўдзелу актывіста ў aкцыi 17 лютага у горадзе Менску супраць спрэчнага дэкрэту № 3.

Павел Вінаградаў паведаміў журналістам belsat.eu, што ў пачатку тыдня атрымаў позву ў суд Маскоўскага раёну. Суд па адміністрацыйнай справе распачаўся а 11:00. Але на паседжанне Павел прыходзіць не збіраўся і не прыйшоў.

12:30 Суд абвесцiў рашэнне. Паводле суддзі, вiна Паўла даказаная, спагнанне 50 базавых велiчыняў.

11:10 Суддзя Казак Віктар Уладзіміравіч выдаліўся на перапынак да абвяшчэння пастановы, якое адбудзецца а 12:30.

Завочныя суды

Летась «завочныя суды» над актывістамі распачаліся ў Гомлі. На 13 содняў забралі з хаты бацькоў пад Гомлем відэаблогера-актывіста Максіма Філіповіча, які трансляваў уласны арышт на старонку ў Facebook. На 14 содняў асудзілі грамадскага актывіста, сына Юрыя Рубцова, Віктара.

Што такое «Zмена»?

«Zмена – гэта суполка людзей розных узростаў і палітычных поглядаў, якія не любяць, калі тыя, каго звычайна называюць дыктатарамі, паводзяць сябе так, як яны сябе паводзяць. І нам пашанцавала (або не пашанцавала) нарадзіцца якраз у той краіне, дзе ёсць адзін такі агідны таварыш», – кажуць пра сябе актывісты.

ВД, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары