Фігурант справы «Белага легіёну», кіраўнік клубу «Патрыёт» Мікалай Міхалькоў, нядаўна выпушчаны з-пад варты, вярнуўся на працу і паведаміў калегам, што з яго і ягонага сына Яна знятыя абвінавачванні.
Пра гэта піша радыё «Свабода» са спасылкай на супрацоўнікаў бабруйскага клубу «Патрыёт».
Ян Міхалькоў быў затрыманы 21 сакавіка, ягоны бацька – 24 сакавіка. Спачатку яны ўтрымліваліся ў СІЗА КДБ, дзе ім афіцыйна было прад’яўлена абвінавачванне па ч. 3 арт. 293 КК РБ. Пазней абодвух перавялі на «Валадарку».
Ян Міхалькоў быў вызвалены з СІЗА-1 29 красавіка, Мікалай Міхалькоў – 18 траўня.
Цяпер Мікалай Міхалькоў прыступіў да сваёй працы ў клубе па месцы жыхарства «Спадарожнік» пры бабруйскім Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. Часткай «Спадарожніка» і ёсць вайскова-спартовы клуб «Патрыёт».
ІІ, belsat.eu